Замест кватэры – домік на колах


Лета – цудоўны час для жыцця на прыродзе. Але прадпрымальніка Яўгена Ксянзова змяніць сталічны смог на чыстае паветра Менскага мора змусіла не любоў да беларускіх краявідаў, а сітуацыя на сталічным рынку арэнднага жытла.

ЯЎГЕН КСЯНЗОЎ, УЛАДАЛЬНІК АЎТАКЕМПЕРА:
“Шукаў кватэру зняць. Перад чэмпіянатам свету было вельмі дорага”.

І тады Яўген набыў дом на колах. Папулярныя сярод падарожнікаў трэйлеры маюць усе выгоды: пакой з мэбляю, кухню, прыбіральню, халодную і гарачую ваду, газ, ацяпленне, тэлевізар і нават інтэрнэт.

{movie}Замест кватэры — домік на колах (12.06.14) |right|16955{/movie}

ЯЎГЕН КСЯНЗОЎ, УЛАДАЛЬНІК АЎТАКЕМПЕРА:
“Я знайшоў выйсце: я не плачу за арэнду, як мае сябры, 500–700 долараў. Такім чынам. Для мяне гэта вышэй за дах: я мала бываю дома, для мяне трэба толькі пераночыць. Прыехаў, памыўся і лёг спаць. З раніцы паснедаў, схадзіў пад душ і паехаў на працу”.

Утрыманне аўтакемпера каштуе ўладальніку 20 долараў на месяц улетку і 50 узімку. І больш ніякіх выдаткаў на арэнду, у тым ліку і зямлі. Яўген падлічыў, што за паўтара года кошт трэйлеру акупіцца цалкам. Прадпрымальны маладзён лічыць, што гэта добрае развязанне жыллёвай праблемы для маладых і смелых людзей. Што праўда, такіх сярод апытаных намі менчукоў аказалася небагата.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Аўтакемпінг для нашай краіны – гэта не варыянт у нашых умовах. А якая альтэрнатыва? Вельмі цяжка вызначыць. Хутчэй за ўсё – толькі здымаць жытло. Іншых варыянтаў няма”.
“У цяперашні час шмат хто жыве не здымаючы кватэру, а жыве ў сваякоў. Гэта можна назваць добрай альтэрнатываю арэндзе жытла”.
“Я б рабіў, як гэта было прынята ў Штатах у 90-я гады, – сацыяльныя модныя дамы, якія ствараліся для людзей, у якіх няшмат грошай. Я вось так бачу гэтую інтэграцыю. Прынамсі для моладзі гэта будзе цікавей”.

Але цікавей складаецца і ўся сітуацыя на сталічным рынку арэнды жытла. Кошты на яго ўпершыню за апошнія гады, як падсумоўваюць эксперты, пачалі змяншацца.

НАТАЛЛЯ РАДЗЕНЯ, АГЕНЦТВА НЕРУХОМАСЦІ «ТВАЯ СТАЛІЦА»:
“Аднапакаёвая кватэра прапануецца ад 280. Сярэдні кошт, вядома, захоўваецца ў межах 300. Двухпакаёвыя кватэры прапаноўваюцца ў раёне 400 долараў. І трохпакаёвыя пачынаюць свой разбег, так бы мовіць, з 450 долараў. Насамрэч гэта вельмі нізкі кошт. Бо летась у верасні мы мелі кошт аднапакаёвай кватэры ў межах 450 долараў”.

Прычына перадусім у тым, што прапанова істотна пачала перавышаць попыт. Гэтаму паспрыяла пабудова дадатковых студэнцкіх інтэрнатаў і дзяржаўнага арэнднага жытла. Ды і агульная эканамічная сітуацыя: калі заробкі не павышаюцца, то і арандатары не ў стане больш плаціць за здымныя квадратныя метры. Але такая спрыяльная сітуацыя працягнецца нядоўга. Пасля летняга зацішша надыдзе традыцыйны восеньскі кватэрны бум. Магчыма, натхняльным для менчукоў стане прыклад Яўгена – і мабільныя людзі пераселяцца ў мабільныя дамы.

ЯЎГЕН КСЯНЗОЎ, УЛАДАЛЬНІК АЎТАКЕМПЕРА:
“У Еўропе вельмі шмат кемпераў, менавіта стаянак для іх. І людзі жывуць цывілізавана. Месяц, тыдзень, два, тры. І яны жывуць”.

І, можа, нашыя дзяржаўныя чыноўнікі зразумеюць, што замест пабудовы бетонных скрыняў варта адвесці па-за горадам адмысловыя месцы для кемпераў – айчынных і замежных аматараў прыроды і эканомнага жыцця.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў