Развітанне са школаю


Апошні званок і занятак у школе, апошнія іспыты і хвіліны са сваімі аднакласнікамі ды настаўнікамі. Дзясяткі тысячаў 11-класнікаў развітваюцца сёння са школаю.

{movie}Развітанне са школаю (12.06.14) |right|16953{/movie}

ВЫПУСКНІКІ, МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ ЛІЦЭЙ № 3:
“Гэты выпускны будзе стартам новага жыцця”.
“Радавацца, весяліцца, танцаваць, атрымліваць асалоду ад жыцця”.

Падчас другога і апошняга дня выпускных навучэнцам урачыста ўручылі атэстаты, а ў школах праходзяць святочныя канцэрты і банкеты. І ўсё гэта – без алкаголю. З нагоды выпускных імпрэзаў у крамах ужо традыцыйна забаранілі продаж алкагольных напояў, нават піва. І за гэтым пільна сочаць міліцыянты. А ў школах – бадай ужо апошні раз – настаўнікі, якія сёння таксама развітваюцца сёння са сваімі гадаванцамі.

НАСТАЎНІЦА, МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ ЛІЦЭЙ № 3:
“Самае асноўнае ў выхаванні – гэта навучыць дзяцей абыходзіцца без нас. Вось гэтаму мы і хацелі іх навучыць”.

Да сваёй самастойнасці выпускнікі Магілёўскага абласнога ліцэю № 3 паставіліся з адказнасцю. Большасць ужо абрала кірункі ды вышэйшыя навучальныя ўстановы, у якія збіраецца паступаць. Шмат хто плануе змяніць горад, а некаторыя нават краіну.

ВЫПУСКНІЦЫ, МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ ЛІЦЭЙ № 3:
“Беларусь – родная краіна, мяне тут пакуль усё задавальняе”.
“Шчыра, я вельмі люблю Беларусь, але з іншага боку, я хачу паглядзець свет, які ўзровень жыцця ў іншых краінах”.

За мяжою вырашыў вучыцца і Міхась Слаўнікаў – беларускамоўны выпускнік адной са сталічных школаў і пераможца шматлікіх алімпіядаў па нямецкай мове.

МІХАСЬ СЛАЎНІКАЎ, ВЫПУСКНІК:
“Хачу я паступіць у замежную краіну, адвучыцца. Але не дзеля таго, каб там адвучыцца і застацца жыць, а каб вярнуцца і нешта змяняць”.

Акурат нешта змяняць Міхась намагаўся яшчэ ў школе. Напрыклад, прапанаваў зрабіць выпускны па-беларуску, але большасць ягоных аднагодак была супраць. Дый падчас навучання не заўсёды атрымлівалася знайсці падтрыманне сярод аднакласнікаў ды нават настаўнікаў.

МІХАСЬ СЛАЎНІКАЎ, ВЫПУСКНІК:
“Складанасць у мяне, можа быць, яшчэ з недаразуменнем настаўнікаў некаторых маіх поглядаў на жыццё ды маіх поглядаў на патрыятызм – ну, на Беларусь. То бок некаторыя настаўнікі да гэтага адмоўна адносяцца і не разумеюць маёй пазіцыі”.

На адзнаках жа гэта не адбілася, кажа Міхась, – у яго адзін з найлепшых атэстатаў сярод аднакласнікаў. Дарэчы, выпускной песняю ягоны клас усё ж абраў беларускамоўную – “Простыя словы” гурта “NRM”.

Выпускнікоў жа 11-х класаў сёлета, як палічыла Міністэрства адукацыі – 55 тысячаў, што на 6 % менш, чымся летась. Аднак на колькіх яшчэ выпускных прагучыць родная мова – наўрад ці гэткімі звесткамі зацікавяцца ў ведамстве.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў