Гэтая экскурсія па Менску можа прэтэндаваць на званне самай арыгінальнай. Яна завецца “Менскія хіпаны” ды прысвечаная нефармальнаму жыццю беларускай сталіцы ў савецкі час.
Экскурсію на роварах праводзіць Раман Абрамчук, музыка і культуролаг.
“Менск багаты гэтай рок-н-рольнаю гісторыяй, сапраўды ў нейкім сэнсе тут была ліберальная сітуацыя і абставіны, шмат адбывалася такога, чаго мы не бачылі ў савецкіх рэспубліках, напрыклад, першы біг-біт фестываль, які лічыцца наогул першым у СССР. Музыкі самой вельмі шмат стваралася. Нашыя студэнты і моладзь актыўна ўключыліся ў гэты рух, і ёсць што паслухаць нават цяпер. Засталіся запісы ды людзі жывыя”, – зазначае арганізатар велаэкскурсіі Раман Абрамчук.
{movie}Экскурсія “Менскія хіпаны”|right|16941{/movie}
Маршрут “Менскія хіпаны” праходзіць па знакавых месцах для нефармальнага Менску, дзе прайшоў першы біг-біт фэст амаль паўстагоддзя таму, былі заснаваныя “Песняры” 45 гадоў таму і давала свой першы канцэрт “Мроя” 30 гадоў таму. Адна з дэталяў, якая ўразіла ўдзельнікаў экскурсіі – у той час сталічныя хіпі часта музіцыравалі, седзячы на дрэвах у парку. Каб пазбегнуць аблаваў.
Наведніца экскурсіі Валянціна злазіць з ровара і разважае:
“Нашае пакаленне ведае, што былі нейкія гурты, як “Песняры”, але адкуль гэта ўзялося, дзе першакрыніца і пачатак – гэта сапраўды дзіўна. Дзіўна, як ва ўмовах таго часу, у 1970–80-х гадах, моладзь знаходзіла доступ да інфармацыі, якая па сутнасці для іх была закрытая”.
Публічная экскурсія “Менскія хіпаны” праходзіць у Менску раз на месяц. Акром таго, Раман Абрамчук распрацаваў яшчэ адзін арыгінальны маршрут па Менску графа Чапскага.
Іншыя тэмы: 84 эсэ Паўла Севярынца, напісаныя на “хіміі” ў мястэчку Куплін, выйшлі кнігаю “Беларуская глыбіня”, у Менску прайшла прэзентацыя выдання. Музыка, лідарка гурта “Верасень” Вольга Акуліч прэзентавала сваю сяброўку, спявачку Наталлю Нікіціну, і запрасіла да супрацы тых, хто ўмее граць на гіталеле. Брэнд нацыянальнага адзення L.S.T.R. выпусціў відэаролік аб працэсе вытворчасці прынтаў, на Падляшшы маладыя беларусы пачалі выраб беларускіх вышыванак у старадаўнім і сучасным выглядзе.
Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, “Навіны культуры”