У Эрмітажы працуюць 80 катоў-ахоўнікаў


Раз на год дзяржаўны музей Эрмітаж у Санкт-Пецярбургу ладзіць Дзень ката. Наведнікам дазваляюць спусціцца ў музейны падвал.

Каты і коткі, якія жывуць у Эрмітажы, даўно сталі часткаю гарадской легенды і паўнавартаснымі працаўнікамі музею. Дзякуючы ім у падвалах не водзяцца пацукі.

Эрмітажныя каты як феномен вядомыя яшчэ з пятроўскіх часоў: цар пасяліў у сваіх уладаннях прывезенага з Галандыі ката. Пазней ягоная дачка імператрыца Лізавета выдала «Указ аб высылцы да двара катоў», у якім загадала «адшукаць у Казані самых лепшых і вялікіх катоў, здольных да лоўлі мышэй». Пазней Кацярына ІІ надала катам статус ахоўнікаў карцінных галерэяў.

Эрмітажу, паводле супрацоўнікаў, для паўнавартаснай аховы дастаткова каля 40 жывёлінаў, аднак цяпер іх там удвая больш. Праблема з «перанасяленнем» падвала стаіць даволі востра: чуллівыя грамадзяне рэгулярна падкідваюць у Зімовы палац усё новых насельнікаў. Таму апошніх рэгулярна раздаюць на выставах хатніх жывёлінаў. Каты з такім высакародным паходжаннем знаходзяць новых уладальнікаў даволі хутка. Каб утрымліваць гадаванцаў, музей збірае ахвяраванні.

АК, belsat.eu, паводле «Бі-бі-сі»

Стужка навінаў