Лукашэнка ў Сербіі: Я даўно зняў ружовыя акуляры


Прэзідэнт Беларусі абурыўся тым, што краіны Захаду намагаліся сарваць ягоны візіт у Бялград.

Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі да сербскага кіраўніка Таміслава Ніколіча, які пачаўся 11 чэрвеня, праходзіць «у атмасферы дружбы, узаемаразумення і высокага даверу». Такую заяву зрабіў кіраўнік Блеарусі пасля сустрэчы ў фармаце “на чатыры вокі”. Падчас перамоваў кіраўнікі двух краінаў абмеркавалі перспектывы сербска-беларускіх адносінаў.

Нягледзячы на пазітыўныя прамежкавыя вынікі, абурэнне Лукашэнка вызвала рэакцыя Захаду на яго прыезд. Ён абвінаваціў ЕЗ і ЗША ў спробах перашкодзіць яго афіцыйнаму візіту ў Бялград.

“Я даўно зняў ружовыя акуляры, але тым не менш мяне ўразіла і здзівіла іх пазіцыя. Яны гатовыя былі зрабіць усё, каб сарваць гэты візіт або зрабіць яго абсалютна непрыкметным у Сербіі”, – адзначыў Лукашэнка.

“Мы хочам дапамагчы настолькі, наколькі мы можам гэта сёння зрабіць для нашых братоў. І што калі ў выніку гэтага візіту Сербія стане хоць трохі мацней, можа быць, багацей? Навошта супраць гэтага выступаць?” – дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы, перадае БелТА.

Далей перамовы працягнуцца ў пашыраным складзе, па выніках будзе падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. У рамках візіту таксама запланаваны сустрэчы Лукашэнка з кіраўніцтвам Народнай Скупшчыны Сербіі і Патрыярхам Сербскім Ірынеем.

Кіраўнік беларускай дзяржавы тройчы наведваў Сербію: у 1998, 1999 і 2009 гадах. Два гады таму Сербія ў ліку васьмі іншых краін Еўропы далучыліся да рашэння Еўразвязу падоўжыць візавыя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да афіцыйных уладаў Беларусі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў