«Луганская Народная Рэспубліка» просіць Лукашэнку аб прызнанні


Сепаратысты, якія заявілі аб стварэнні «Луганскай народнай рэспублікі», звярнуліся да 15 краінаў і суб’ектаў (у тым ліку расейскіх) з просьбаю прызнаць яе незалежнасць. Сярод адрасатаў значыцца Беларусь.

Копіі ўсіх зваротаў за подпісам «старшыні Вярхоўнага Савету Луганскай Народнай Рэспублікі А.В.Каракіна» размешчаны на сайце сепаратыстаў.

Аляксей Каракін звярнуўся з просьбаю аб прызнанні незалежнасці “ЛНР” да Аляксандра Лукашэнкі і старшыняў абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Анатоля Рубінава і Уладзіміра Андрэйчанкі.

Іншымі адрасатамі звароту з’яўляюцца Расея, Абхазія, Арменія, Венесуэла, Інгушэція, Казахстан, Кітай, Куба, Прыднястроўе, Нікарагуа, Сербія, Сірыя, Чачэнія і Паўднёвая Асеція.

«Вярхоўны Савет Луганскай Народнай Рэспублікі высока ацэньвае дзейнасць Рэспублікі Беларусь як краіны — гаранта міру і бяспекі. З моманту стварэння Луганскай Народнай Рэспублікі нашы грамадзяне былі цвёрдыя ў сваім намеры будаваць незалежную дзяржаву і паслядоўныя ў імкненні раздзяляць лёс Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў звароце.

Сепаратысты заяўляюць, што 27 красавіка на сходзе прадстаўнікоў грамад Луганску і Луганскай вобласці быў прыняты «Акт аб дзяржаўнай самастойнасці Луганскай народнай рэспублікі» (арфаграфія захаваная) і рашэнне аб правядзенні рэферэндуму 11 мая, на якім 96,2% грамадзянаў нібыта прагаласавалі за незалежнасць рэгіёну.

Украінскія ўлады праводзяць на тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласцяў антытэрарыстычную аперацыю. Еўразвяз і ЗША падтрымліваюць дзеянні Кіева, у той час як Расея патрабуе спыніць АТА.

МЛ / Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Стужка навінаў