Дзе сабака закапаны?


Могілкі, якія амаль не адрозніваюцца ад звычайных. Але хаваюць тут не зусім звычайных нябожчыкаў, а катоў, сабакаў, папугаяў. Пахаванні жывёлінаў ёсць і ў Беларусі – што праўда, яны стыхійныя. Адзін з самых вялікіх гэткіх некропаляў – у сталічным мікрараёне “Уручча-3”.

{movie}Дзе сабака закапаны?|right|16936{/movie}

ВЕРАНІКА ХАНЦЭВІЧ, ТАВАРЫСТВА АБАРОНЫ ЖЫВЁЛІНАЎ «ЭГІДА»:
“Мусіць быць такое месца, куды чалавек можа прыйсці ды наведаць сваю жывёліну, пасядзець з ёю, нават паразмаўляць, бо хіба жывёлы ведаюць нас часам лепш за блізкіх і родных людзей”.

Пахаванне хатніх жывёлінаў у шмат якіх краінах – прыбытковы бізнес. Да таго ж большасць людзей успрымае гэта нармальна: калі хочаш паставіць свайму сабаку помнік – плаці грошы і стаў. Як жа да ўзнікнення гэткіх могілак у Беларусі ставяцца яе жыхары?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Я лічу, што так, такія месцы патрэбныя”.
“Калі любяць, чаму не? Для некаторых яны нават даражэйшыя за ўвесь свет, разам узяты”.
“Гэта агіднасць! Агіднасць!”

Колькасць гаспадароў, якія хаваюць сваіх гадаванцаў амаль па-людску, у Менску з кожным годам павялічваецца. Аднак афіцыйных могілак для жывёлінаў усцяж няма. Адзінае законнае выйсце – здаць труп на прадпрыемства “Фаўна гораду”, адкуль яго адвязуць на скотамагільнік, аднак не кожны гаспадар аддасць сюды памерлага гадаванца. Зрэшты, ёсць яшчэ адзін, новы варыянт.

ВЕРАНІКА ХАНЦЭВІЧ, ТАВАРЫСТВА АБАРОНЫ ЖЫВЁЛІНАЎ «ЭГІДА»:
“У Менску з’явіўся індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца крэміраваннем жывёлінаў, то бок новы від паслугі. Платна, я расцэнак не ведаю. Там ледзь не на відэа здымаюць, як гэта адбываецца, а потым у прыгожых вазачках, гарлачыках вам аддаюць”.

Што праўда, некаторыя, забраўшы прах, закопваюць яго ў зямлю, у выніку стыхійныя могілкі хатніх жывёлінаў разрастаюцца. Ці варта ўвогуле гэткім чынам захоўваць памяць пра гадаванца, і што на гэты конт кажа царква?

АЙЦЕЦ АЛЯКСАНДР (ШЫМБАЛЁЎ):
“З рэлігійнага гледзішча гэта не патрэбна, а з гледзішча чалавецкага – можна. Калі мы любім сваіх катоў і сабакаў, і розных іншых жывёлінаў. Але не трэба надаваць гэтаму рэлігійнага сэнсу”.

Гаворка ж пра легалізацыю могілак хатніх жывёлінаў вядзецца цягам некалькіх апошніх гадоў, але ўлады не спяшаюцца. Зрэшты, тым, хто прыносіць сваіх гадаванцаў на нелегальныя могілкі, перашкодаў таксама не чыняць, хоць за гэткае пахаванне прадугледжаны штраф або нават адміністратыўны арышт.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/E5NiX3-h7Nw

Глядзі таксама
Каментары