Прыбалтыка: Расея і NATO дэманструюць гатовасць ваяваць (фота)


У Літве і Латвіі NATO ладзяць штогадовыя вайсковыя вучэнні, але гэтым разам на палігонах удвая больш жаўнераў. У адказ на гэта Расея распачала ўласныя манеўры на тэрыторыі Калінінградчыны з удзелам бамбардавальнікаў дальняй авіяцыі.

NATO адпрацоўвае «інтэрнацыянальныя» дзеянні

Вучэнні «Удар шаблі», якія штогод ладзіць NATO скіраваныя на выпрацоўку паспяховага ўзаемадзеяння сухапутных сілаў з розных краінаў Альянсу. У манеўрах бяруць удзел 2,5 тысячы жаўнераў з Даніі, 900 з Літвы, каля 200 з ЗША ды па некалькі дзясяткаў з Польшчы, Латвіі ды Эстоніі.

Групоўка адпрацоўвае і абарончыя, і наступальныя дзеянні з выкарыстаннем каля 800 адзінак тэхнікі. Сёлетнія манеўры называюць рэкорднымі па колькасці вайскоўцаў – амаль 5 тысячаў жаўнераў трэнуюцца на палігонах Літвы, Латвіі, Эстоніі. У Літву дастаўленыя цяжкія танкі «Леапард», новыя гусенічныя браневікі «М113», баявыя машыны «Піранья» ды іншая тэхніка.

Апроч таго каля ста амерыканскіх байцоў будуць вучыць еўрапейскія элітныя спецпадраздзяленні весці вулічныя баі.

Амерыканскія жаўнеры ўжо расквартэраваныя ў Польшчы, Славакіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, паведамляе агенцтва «Reuters» са спасылкай на штаб Еўрапейскага камандавання ЗША.

«Супольныя вучэнні з нашымі партнёрамі рабіліся заўсёды», – кажа прадстаўнік амерыканскага камандавання Нік Стэрнберг. «Розніца толькі ў тым, што зараз мы будзем пастаянна прысутнічаць уздоўж усходняга фронту НАТА», – патлумачыў кіраўнік амерыканскіх спецпадраздзяленняў у Еўропе.

Расейцы рыхтуюцца акапацца на Калінінградчыне

У акваторыі Балтыйскага мора ў вучэннях бяруць удзел 24 баявыя караблі расейскага флоту – яны рыхтуюцца абараняць марскія межы ды выяўляць варожыя падводныя лодкі. Марская пяхота ўзводзіць фартыфікацыйныя збудаванні каб абараніць узбярэжжа ад высадкі дэсанту ўмоўнага праціўніка, а таксама каб ваяваць супраць незаконных узброеных фармаванняў.

Абарончую канцэпцыю вучэнняў парушае толькі маштабнае выкарыстанне авіяцыі. Акрамя знішчальнікаў Су-27 і самалётаў-выведнікаў Су-24МР, расейцы выпрабоўваюць найноўшыязнішчальнікі-бамбардавальнікі Су-34 ды бамбардавальнікі дальняй авіяцыі Ту-23МЗ.

У Міністэрстве абароны Расеі не хаваюць, што гэтыя вучэнні праводзяцца ў адказ на манеўры NATO, якія Масква ўспрымае як «дэманстрацыю варожых намераў». Аднак Міністэрства абароны запэўнівае, што сілы, якія бяруць удзел у вучэннях на Калінінградчыне, супаставімыя з сіламі, занятымі на вучэннях NATO.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў