Беларускі прамысловы second hand


Расея плануе набыць «МТС», «Інтэграл», «Гродна-Азот», «Менскі завод колавых цягачоў» і разлічвае на перадачу актываў «МАЗу».

Амбасадар Расеі Аляксандр Сурыкаў падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Менску пералічыў беларускія прадпрыемствы, якія цікавяць расейскіх інвестараў. Паводле дыпламата ААТ «Гродна-Азот» магла б выкупіць расейская кампанія шчыльна звязаная са здабычай газу.

На дадзены момант ужо распрацаваны пагадненні адносна расейскай долі ў такіх беларускіх прадпрыемствах як «Інтэграл», «Пеленг» і «Менскі завод колавых цягачоў». 31 ліпеня, пасля міжнароднай ацэнкі актываў, стане вядомы кошт гэтых прадпрыемстваў, – адзначыў Аляксандр Сурыкаў.

«А вось па аб’яднанню МАЗу і КАМАЗу ў нас пакуль няма дамоўленасці, – падкрэсліў прадстаўнік Расеі. – Беларуская пазіцыя палягае на перадачы функцыі адміністравання холдынгавай кампаніі. Расейскі бок настойвае на перадачы актываў».

Расейскія кампаніі таксама прэтэндуюць на 49 % кампаніі «МТС» (ацэначны кошт 863 млн. долараў).

А вось Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод зацікавіць расейскі бізнес толькі ў выпадку павелічэння гадавых аб’ёмаў перапрацоўкі нафты ў Беларусі да 20 млн. тон.

У лютым гэтага года старшыня Дзяржкаммаёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў паведаміў, што кошт Мазырскага НПЗ складае 4 млрд. долараў. Пры гэтым ён удакладніў, што беларускі бок гатовы прадаць сваю долю ў Мазырскім НПЗ, калі інвестар на працягу 10 гадоў «загрузіць пад поўную завязку» Мазырскі НПЗ і наваполацкі “Нафтан”.

Акрамя гэтага, Кузняцоў адзначыў, што перад інвестарам ставіцца ўмова стварыць новую вытворчасць. “Размова ідзе аб тым, каб інвестар пабудаваў на той жа інфраструктуры новую вытворчасць магутнасцю 10 млн. тон”, — сказаў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці.

На тэрыторыі Беларусі функцыянуюць два нафтаперапрацоўчыя заводы (Мазырскі НПЗ і “Нафтан”), магутнасці якіх дазваляюць перапрацоўваць прыблізна 23 млн. тон.

ЮВ паводле БелаПАН

Стужка навінаў