Маруся вандруе па Беларусі


Мяне клічуць Маруся, ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць гадоў, і я збіраюся ў школу. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі ды вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта калі ў тваім жыцці ёсць мястэчка, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця.
Цягам лета ў свае падарожжы па Радзіме вас забярэ цікаўная дзяўчынка Маруся. Яна яшчэ не навучылася добра пісаць, а таму ў гэтым ёй будзе дапамагаць матуля Зарына Бабко, журналістка і стваральніца праекту “Вандроўкі з дзецьмі на край свету”, маці дзвюх дачок.

Геаграфія – гэта не падручнік

„Калі з дзяцінства чалавек мае магчымасць даведацца, які вялікі свет і колькі культураў існуе навокал, ён упэўніцца, што жыццё мае розныя колеры, розныя мовы, розныя падыходы да адной і той жа рэчы, – пераконвае Зарына. – Бацькі з постсавецкай прасторы часам вельмі дзіўна ставяцца да ўласных дзяцей: яны іх любяць, але гэтае пачуцце часцей высвятляецца ў словах “туды не хадзі”, “гэтага рабіць нельга” і г.д.

І вось, калі сям’я пачынае вандраваць, яна заўважае, што дачыненні могуць існаваць і на іншым узроўні: дзіця, як і дарослы, мае ўласнае меркаванне, з ім магчыма дамаўляцца і абгрунтоўваць, а не сварыцца і крычаць. Вандроўкі бацькоў з дзецьмі аб’ядноўваюць, ствараюць сапраўдныя каштоўнасці для малых і вялікіх,” – распавядае маці Марусі. Яшчэ ў школе я заўважыла, як жыхары аднаго мястэчка могуць сапраўды адрознівацца ад сваіх суседзяў. Мне, напрыклад, было б вельмі шкада, калі маё дзіця лепш ведала пра вёскі Індыі, чым пра вёскі Палесся”.

„Каб зразумець, што Беларусь – маё месца, мне спатрэбілася 10 гадоў падарожжаў”

“Каб зразумець, што Беларусь – гэта месца для майго існавання, і тут, на Радзіме, трэба застацца і ствараць уласную культуру і гісторыю, мне спатрэбілася гадоў дзесяць вандровак, у тым ліку і па Беларусі, – кажа Зарына Бабко. – Аб гэтым усе гісторыі, якія мы збіраемся ствараць для belsat.eu: спадчына, часам сумная і брудная, часам прыгожая і хвалюючая, засталася нам”.

Вандруйце, людзі, але вяртайцеся! А Маруся падчас вандровак сапраўды заўважае тое, што было б сорамна заўважыць даросламу, а з вуснаў дзіцяці ўсё падаецца шчыра, наіўна, і чытач не адразу і разумее, дзе казачнае, дзе сапраўднае. “Для дачкі – гэта гульня і далучэнне да новага, і мне падабаецца з ёй гуляцца не толькі ў цацкі, але і ў тыя гульні, якія ствараюць самі бацькі…”

Уражанні з падарожжаў маленькай Марусі чытайце на нашым сайце штотыдзень у закладцы цікавінкі. Першы аповед ужо ў пятніцу 13 чэрвеня.

Стужка навінаў