Беларусы пакідаюць дзяцей паміраць у зачыненых аўтах


Шопінг у польскіх супермаркетах так зацягвае беларусаў, што тыя праз няўвагу падвяргаюць небяспецы жыццё сваіх дзяцей.

Толькі ўчора здарыліся два падобныя выпадкі. Беларусы, якія прыехалі ў Польшчу і пайшлі на закупы, пакінулі дзяцей у зачыненых аўтах на санцапёку. У Беластоку нашая 40-гадовая суайчынніца пакінула ў разагрэтай машыне побач з рынкам 8-гадовага сына. Хлопчыка, які пачаў траціць прытомнасць, заўважылі паліцыянты і выбілі шкло. Ён правёў унутры каля 30 хвілін.

{movie}Сацыяльны ролік, які заклікае не пакідаць дзяцей на сонцы ў зачыненым аўце|right|16921{/movie}

У той жа дзень у Кракаве мінакі патэлефанавалі ў паліцыю, бо заўважылі ў пакінутым аўце аслабленага спёкаю 3-гадовага хлопчыка. Бацькі пакінулі дзіця на паркінгу, а самі пайшлі на закупы.

Калі на вуліцы больш за 30 градусаў, машына можа разагрэцца да 60 і тады дастаткова нават 10 хвілінаў, каб жыццё дзіцяці абарвалася. Бацькі адкажуць за падвярганне сыноў небяспецы. Паводле польскага Крымінальнага кодэксу, за пакіданне дзіцяці, якому не споўнілася 15 гадоў, без догляду пагражае да 3 гадоў турмы, калі выпадак скончыўся смерцю – ад 6 месяцаў да 8 гадоў турмы. Замяніць выбітыя ў такіх сітуацыях вокны аўтамабіля за кошт страхоўкі не атрымаецца, паколькі такія дзеянні кваліфікуюцца як непазбежныя.

Учора ў польскай Рыбніцы ад спёкі памерла 3-гадовая дзяўчынка, якую бацька зачыніў у машыне на 8 гадзін.

АК, belsat.eu, паводле wp.pl

Стужка навінаў