Міколу Аўтуховіча не змаглі пазбавіць правоў кіроўцы


Ваўкавыскія судовыя выканаўцы планавалі забраць у былога палітвязня Міколы Аўтуховіча правы, каб пакараць за тое, што ён не плаціць доўг, які застаўся пасля першай судовай справы 2006 года.

Пасля першай судовай справы нібы за ўхіленне ад выплаты падаткаў за прадпрымальніцкую дзейнасць за Аўтуховічам засталася вялікі доўг, які ён не збіраецца вяртаць. Цяпер гэта больш за Br 350 млн. Праўда, апошнім разам Аўтуховічу называлі значна большую суму: прыкладна $ 140 тыс. (каля Br 1,4 млрд у сённяшніх коштах). Сума паменшылася пасля канфіскацыі маёмасці – кватэры, двух складоў ды 13 таксовак.

У мяне ўсё забралі, больш у мяне нічога няма”, – гаворыць Мікола Аўтуховіч.

Судовыя выканаўцы сочаць за тым, каб ён выплаціў доўг. Паколькі гэтага не адбываецца, яны ініцыявалі часовае пазбаўленне палітзняволенага правоў кіравання ў якасці пакарання. Але пазоў па прадстаўленні судовага выканаўцы аб часовым абмежаванні права на кіраванне машынаю суд не задаволіў. Аўтуховіча не пазбавілі правоў, бо з 2 чэрвеня ён ўладкаваўся на працу кіроўцам аўтамабіля, і гэта цяпер ягоны адзіны заробак.

Правы на кіраванне аўтамабілем былы палітзняволены мае з 16 год (цяпер яму 50), і іх у яго яшчэ ні разу не забіралі за парушэнні.

Першы раз у справе правоў кіроўцы Міколу Аўтуховіча выклікалі ў суд 26 траўня, але тады пасяджэнне перанеслі на 10 чэрвеня. Адначасова ў Горадні 26 траўня быў прызначаны суд па “турэмнай справе” Міколы Аўтуховіча. Ён абскарджваў сваю невінаватасць у трох парушэннях падчас зняволення, але суд адхіліў ягоныя скаргі. Былы палітвязень мяркуе, што абодва суды былі прызначаныя на адзін дзень, каб ён не змог паехаць у Горадню.



У турме ён атрымаў тры вымовы за тое, што не спаў уначы (як павінен быў), спаў тады, калі гэта было не дазволена, ды адмовіўся сядзець у камеры з пэўным чалавекам. Сам Мікола Аўтуховіч гаворыць, што нічога не парушаў. Ён ужо абскарджваў свае “парушэнні” у Ленінскім раённым судзе, але скаргу палічылі неабгрунтаванай. Цяпер касацыі разглядае абласны суд у Горадні. Па прычыне гэтых “злачынстваў” Аўтуховіч атрымаў статус злоснага парушальніка ды прэвентыўны нагляд пасля вызвалення.
Гэта значыць, што цягам аднаго года і чатырох месяцаў ён павінен знаходзіцца дома ад 22.00 да 6.00 і не можа без дазволу выязджаць за межы Ваўкавыску.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў