Ветэранку зрабілі кантрабандысткаю


83-гадовую актывістку польскага руху судзяць за кантрабанду. Жыхарку Скідзелю Вераніку Себасцьяновіч, кіраўніцу Саюзу жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі вінавацяць у нелегальным увозе гуманітарнае дапамогі. Прынамсі ў такім выглядзе Гарадзенская мытня накіравала справу ў Кастрычніцкі суд Горадні. Суд адбудзецца 17 чэрвеня, але ўжо цяпер у Саюзе палякаў Беларусі перакананыя, што сталага веку жанчыну прызнаюць вінаватаю.

{movie}Ветэранку зрабілі кантрабандысткаю |right|16914{/movie}

АНДЖЭЛІКА БОРЫС, КІРАЎНІЦА САЮЗУ ПАЛЯКАЎ БЕЛАРУСІ:
“Справа Веранікі Себасцьяновіч – гэта, відавочна, палітычная справа. Бо аніякага парушэння заканадаўства тут няма і не было”.

Гуманітарную дапамогу для былых жаўнераў Арміі Краёвай прывозіць Генеральнае консульства Польшчы ў Горадні. У Беларусі цяпер пражывае з 70 камбатантаў Арміі – польскага партызанскага злучэння, якое дзеяла і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а пасля другой сусветнай змагалася і супраць саветаў. Скрыні дастаўляюць да Веранікі Себасцьяновіч, якая раздае іх беспасярэдне ветэранам. Але сёлета, другога красавіка, пасля прывозу дапамогі раптам да яе прыехалі працаўнікі спецслужбаў і сканфіскавалі скрыні.

ЭЎГЕНЬЮШ ГАСЕЎСКІ, АБ’ЯДНАННЕ «ОДРА-НЕМЭН»:
“Адчынялі кожную скрыню, перапісвалі ўсе назвы кавы, гарбаты, мукі, цукру, ўсяго, што было ў скрынях. І на гэтай падставе абвінавачанне, што яна нібы ўвезла кантрабанду для камбатантаў. Але абвінавачанне абсурднае”.

Судовае паседжанне, якое мела адбыцца сёння, раптам перанеслі на падставе таго, што суддзя жадае больш падрабязна азнаёміцца са справаю. Але кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі звязвае перанос разгляду з беларуска-польскімі кансультацыямі, што былі сёння ў Варшаве. Дзе за справаю пільна сочаць.

МІХАЛ ДВОРЧЫК, БЫЛЫ ДАРАДЦА ПРЭЗІДЭНТА ПОЛЬШЧЫ:
“Прысуд будзе паказнікам, ці беларуская дзяржава мае намер паглыбляць рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі, ці адыдзе ад гэтае практыкі і распачне курс на нармалізацыю адносінаў з Польшчаю”.

Вікторыя Себасцьяновіч абураецца, што мытнікі прыпісалі ёй кантрабанду, хоць добра маюць ведаць, што да перавозкі гуманітарнага грузу яна аніякага дачынення не мела. Тым больш, што гэтую акцыю ладзяць з 2010 года. Але толькі чамусьці сёлета яна занепакоіла ўлады краіны.

ВЕРАНІКА СЕБАСЦЬЯНОВІЧ, САЮЗ ЖАЎНЕРАЎ АРМІІ КРАЁВАЙ У БЕЛАРУСІ:
“Цяжка сказаць, яны самыя сябе баяцца. Мы маем фактычна па 90 гадоў, але і нас чамусьці баяцца. Можа, падазравалі, што там нейкая літаратура, можа, думалі, што зброя”.

Паводле праваабаронцаў, скідзельскай актывістцы пагражае штраф ад 5 да 30 базавых велічыняў. Зрэшты, Вераніку Себасцьяновіч і летась за ўсталяванне ў Шчучынскім раёне крыжа памяці жаўнераў Арміі Краёвай аштрафавалі на Br 2,5 млн.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў