У Бразіліі нарастаюць пратэсты супраць чэмпіянату свету па футболе


Сёння ў Бразільскім Сан-Паўлу распачаўся 64-ы кангрэс Міжнароднай федэрацыі футболу. Галоўная тэма мерапрыемства – гатовасць краіны да правядзення Мундыялю, які, аднак, так ці іначай пачнецца ўжо праз два дні.

Апрача безлічы яшчэ недабудаваных аб’ектаў, галаўным болем арганізатараў застаюцца страйкі працаўнікоў метрапалітэну Сан-Паўлу, якія ўчора скончыліся ўжываннем слезацечнага газу ды звальненнем 42 асобаў.

{movie}У Бразіліі нарастаюць пратэсты супраць чэмпіянату свету па футболе|right|16903{/movie}

Паўлу Пасін, прадстаўнік прафзвязу:

“Мы пакуль у чаканні, але вельмі непрыемная для ўсіх пазіцыя ўраду – не аднавіць людзей, якіх звольнілі”.

Пратэстоўцы пагражаюць спыніць метро ў дзень адкрыцця чэмпіянату ў выпадку, калі іхных патрабаванняў павысіць заробкі ажно на 12 адсоткаў ня выканаюць. А ўлічваючы ўчорашні інцыдэнт з абвалам часткі новапабудаванай манарэйкавай дарогі, для Сан-Паўлу з насельніцтвам больш за адзінаццаць мільёнаў чалавек, транспартавы калапс стане вялікаю праблемаю. Акрамя гэтага, сярод футбалістаў ужо ёсць тыя, хто сам насам сутыкнуўся з мясцовымі крымінальнікамі. На чальца трэнерскага штабу зборнай Босніі і Герцагавіны Э́лвіра Рахіміча напалі рабаўнікі. На шчасце, паліцыя своечасова адрэагавала і абышлося бяз стратаў.

Цырымонія адкрыцця і першы матч сусветнага першынства па футболе мусяць прайсці паслязаўтра ў Сан-Паўлу. Распачне месячную спартовую імпрэзу зборная Бразіліі, якая згуляе з Харватыяй. Аднак ці ўсё будзе добра падчас гэтага дзейства, даведаемся ўжо зусім неўзабаве.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Стужка навінаў