Міліцыянт з Бабруйску шукае інфарматараў


Маёр Сяргей Рудзько паспрабаваў завербаваць журналістку-фрылансера Марыну Малчанаву.

Дагэтуль Рудзько некалькі разоў запрашаў журналістку на сустрэчу па тэлефоне «проста паразмаўляць», але яна адмаўлялася ісці без позвы. «І вось я атрымала позву, дзе было пазначана, што мне трэба з’явіцца ў УУС «для правядзення размовы», – распавядае Марына.

pozva-malchanava-babrujsk

Размова прайшла без пратаколаў і нейкіх запісаў, яе сутнасць была вельмі цмянай. Маёр паказаў фотаздымкі з нейкай акцыі, якую журналістка бачыла ўпершыню, прасіў назваць імёны людзей, якія ў ёй удзельнічалі – іх яна таксама не ведала.

Марына Малчанава кажа, што Сяргей Рудзько не хацеў верыць у тое, што яна не з’яўляецца аўтарам вышэйзгаданых фотаздымкаў. А пасля пачаў выпытваць, дзе яна працуе, якім імем падпісвае свае матэрыялы і гэтак далей.

Пасля гадзіны маральных пакутаў у кабінеце Рудзько журналістка сказала, што калі гэта проста «размова», якая не прывязана ні да якіх артыкулаў і заведзеных спраў, яна можа спакойна сысці. На што міліцыянт з незадаволенасцю адказаў: «Ну глядзіце, зямля круглая, можа калі і вам спатрэбілася б мая дапамога». «Я зноў нагадала, што ён мае права задаваць мне падобныя пытанні толькі пры ўмове заведзенай справы, і тады ён сказаў, што нешта прыдумае, каб вырашыць гэту праблему. Агулам у мяне склалася ўражанне, што ён хоча зрабіць з мяне ўласнага інфарматара», – адзначыла журналістка.

Марына Малчанава кажа, што будзе падаваць скаргу на дзеянні Сяргея Рудзько ў пракуратуру. Яна спадзяецца, што атрымае зразумелы афіцыйны адказ на тое, ці мае права гэты міліцыянт на падобныя запрашэнні па тэлефоне і «размовы».

Нагадаем, у красавіку маёр Рудзько ўжо спрабаваў прыцягнуць незалежную журналістку да адказнасці, пасля яе матэрыяла на тэму антываеннага пікета. Тады яна таксама падавала скаргу на дзеянні гэтага міліцыянта ў пракуратуру, але па сутнасці скаргі ў афіцыйнай паперы ёй так і не адказалі.

ЮВ паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары