Беларусы, вы – пачвары, толькі яшчэ гэтага не ведаеце


Беларусы ўзненавідзелі ўкраінцаў пад уплывам расейскай прапаганды. Аднак дастаткова толькі аднаго рашэння ў Крамлі, каб прапаганда зрабіла з іх яшчэ горшых пачвар. Фельетон Максіма Чыгункі.

Шмат хто з беларусаў задаволены, што “хахлы” нарабілі сабе беспарадку, задзерліся з Расеяй, а ў нас “усё чысценька-акуратненька”, аніякіх Майданаў – стабільнасць і спакой, амаль як на могілках. Але і спадзяванне, што вайны не будзе, бо мы ж такія добрыя для расейцаў, нават ад такой любові забылі матчыну мову.

Украінцаў у Беларусі ўжо не любяць. Не дзіўна, што беларусы набраліся такой манеры, таму што ўсе расейскія праграмы, прынамсі ў галіне інфармацыі і публіцыстыкі, змяніліся на 24-гадзінны каляндар розных украінскіх злачынстваў, пачынаючы ад паўстання Хмяльніцкага, праз II сусветную вайну да падзеяў у Адэсе ды Данецку.

З гэтага тэлебачання таксама мы даведваемся, што калісьці “братэрскі народ” сёння гэта “бандыты”, “бандэраўцы”, “нашчадкі паліцаяў”, “карацелі”, “недабітыя байструкі польскіх лакеяў”, “фашысты”, “правасекі”. І так дзень за днём калі не тэлебачанне, то легіёны нанятых кампутарных крамлёўскіх троляў заліваюць атруту ў беларускі розум. І на жаль паспяхова.

Але ўявіце сабе такую сітуацыю. Што б здарылася, калі раптам Лукашэнка змяніў сваё меркаванне і павярнуўся тварам да Захаду. Нагадаем, што адбывалася ў 2010 годзе, калі Лукашэнка супрацьстаяў Расеі і адкладваў працэс стварэння Мытнага саюзу. Раптам у залежным ад Газпрому канале НТВ з’явіўся цыкл фільмаў “Хросны бацька”, у якім даводзілася, што беларускі прэзідэнт з’яўляецца адначасова калгаснікам, бандытам, злодзеем, фальсіфіцыруе выбары і на дадатак забівае палітычных апанентаў.

Заклапочанасць такім станам выказвалі нават крамлёўскія чыноўнікі. Аднак калі беларускі прэзідэнт падпісаў тое, што павінен быў падпісаць, расейскія “журналісты” раптам страцілі зацікаўленасць. Тады аднак дрэнны быў толькі Лукашэнка – расейскі гнеў яшчэ не закрануў беларускі народ.

Надыходзіць аднак той дзень, калі Лукашэнка адвернецца ад Расіі і звернецца ў бок Захаду, бо не атрымаў урэшце гэтага газу за палову кошту. Пляскае ў ладкі большасць яго прыхільнікаў, але ён здабывае і сэрцы тых, хто папракае яго на сваіх кухнях. Што пакажуць наступнага дня сваім гледачам «Расея-24», «1 канал» ці «Russia Today»? Тое, што беларусы – гэта народ “калабарантаў” і “паліцаяў”, “БНФаўскіх фашыстаў”, “лакеяў гаўляйтара Кубэ”. І тады, калі СССР змагаўся з фашысцкай гадзінай, яны забівалі савецкіх партызанаў. Расейскія “гісторыкі” напэўна дакажуць, што гэта самі беларусы спалілі Хатынь і забілі польскіх афіцэраў у Катыні. З расейскага архіву выйдуць статыстыкі, успаміны, здымкі, якія пакажуць жудасныя злачынствы супраць спакойнага савецкага народу. Раптам Беларусь стане цалкам штучным стварэннем, а Жырыноўскі пачне стварэнне новай мапы.

Немагчыма? Гэта не science fiction. Ужо ад пачатку 1990-х гадоў Беларусь мела пэўныя праеўрапейскія імкненні. На беларускім Палессі пачалі з’яўляцца арганізацыі, якія даводзілі, што гэта старажытны край Яцвягаў. З’явіліся газеты Яцвягаў, зарганізавалі вялікія музычныя фестывалі. Ў паветры з’явіўся пах сепаратызму. Не цяжка здагадацца адкуль на такія імпрэзы прадстаўнікі зніклага народу атрымлівалі вялікія сродкі. У канцы, аднак, да ўлады прыйшоў “гарант вечнай любові з Расеяй”, а сепаратысцкія ідэі зніклі ў глыбіні гісторыі.

Беларусы, рыхтуйцеся да горшага. Вы думаеце, што вы такія добрыя, мілыя і спакойныя? Калі Крэмль вырашыць, то можаце стаць нават горшымі ад гэтых брыдкіх “хахлоў”.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў