Трэнаванні штодня – лета з «Фітнес-Шмітнесам»


Нягледзячы на адпачынкі і летні перапынак, гледачы «Белсату» змогуць пампаваць біцэпсы разам з аўтарамі праекту.

«Фітнес-Шмітнес» застаецца з гледачамі і ў гарачы сезон адпачынкаў. Усё лета, штодругі тыдзень па пятніцах, пачынаючы з 13 чэрвеня, вас чакае блог пра здаровы лад жыцця і папярэднія вынікі, якія не паспелі паказаць у праграме. Аўтарскі праект і надалей будуць весці Валярына Кустава і Павел Аракелян.

12 выпускаў праграмы ўжо зараз можна паглядзець на сайце каналу.

Паўтор першага сезону будуць паказваць цягам восені з верасня, а ў лістападзе вас чакае выніковы міні-фільм пра летняе і восеньскае схудненне.

Дарэчы, як распавядае сама Валярына, яна прайшла ўжо палову шляху: да канца восені ёй засталося скінуць 25 кілаграмаў.

«Блог будзе складацца з тэкстаў, фота і відэа. Там будуць рэцэпты, парады па практыкаваннях на канкрэтныя часткі цела, інтэрактыў з гледачамі, конкурсы. А таксама мае асабістыя назіранні за зменамі майго цела і майго псіхалагічнага самаадчування, якое дае мне здаровы лад жыцця. І парады для тых, хто вырашыў змяняцца ці ўжо пачаў. Матывацыя – шмат матывацыі і вынікаў. І нават пра змены ў асабістым жыцці раскажу, якія адбываюцца ў звязку з гэтым. Карацей, будзем гаварыць пра цягліцы – але не толькі частак цела, але і сэрцаў», – кажа Валярына.

Як змяніўся твой лад жыцця?

Валярына Кустава: «Я цяпер магу кантраляваць як сілу ўдару, так і сілу эмоцыю. Умею станавіцца на мосцік і стаяць на кукішках – гадзінамі, што не можа не ўражваць, канечне. Але гэта дапамагае ва ўсім – як у даглядзе за бабуляй, у рамонце хаты, так і ва ўменні ўражваць сяброў ды таварышаў. Таксама што да самаарганізацыі. Праз трэнаванне я стала больш упарадкаванай – раней кладуся спаць, раней прачынаюся, менш часу застаецца на сеціва, больш аддаецца жыццю. На здароўе і так не скардзілася – а цяпер зусім на мне пахаць можна. Прэс цвёрды, ногі цвёрдыя. Карацей, я цяпер цвярдыня. І фізіялагічная цвёрдасць пераходзіць і на мае рашэнні прынцыповыя ў працы ды жыцці. Упэўненасць, перакананасць».

Пра што казалі: прыхільнікаў болей і так далей…

Валярына Кустава: «Шчыра думала, што прыхільнікаў паменшае, калі азначу свае параметры. Але ўсё апынулася з дакладнасцю наадварот. Усе пачалі выказваць свае захапленні і расказваць пра свае недахопы і таемныя мары палепшыцца».

А якія мінусы? Ты казала, што меней пішаш.

Валярына Кустава: «Так, няма часу на тэксты, буйныя формы, нават вершы… Ды што вершы, я нават на пытанні гэтыя не магла два тыдні адказаць, бо проста як прачынаюся – лячу на працу, потым на трэніроўку, а вечарам адрубаюся ад стомленасці».

Місія грамадская праграмы?

Валярына Кустава: «Так. Зроблена. Куды не завітаю – паўсюль чую водгукі, просяць парадаў, даюць парады. Штомесяц я атрымліваю ад 50 да 100 водгукаў у прыват, не кажучы пра публічныя. Цікава, што адна з задач праграмы была далучыць да беларускасці праз гумар і масавую тэму спорту, людзей незаангажаваных у яе – і гэта атрымалася. Дарэчы, глядзяць шмат і украінскамоўных нашу праграму, і рускамоўных – не з Беларусі. І нават у Ізраілі, у Амерыцы. Пішуць, шмат пішуць. Мы не баімся рызыкаваць – быць па-за рамкамі. Гэта першая праграма гэткага кшталту – і мы паціху намацваем свой фармат! Мы не засяроджваемся толькі на фітнесе – паказваем і бокс, і ровар, і танцы, і нават стральбу! Нават было пару гутарак з казакамі на Майдане – пра тое, як яны захоўвалі фізічную форму, яны былі вельмі радыя пра гэта пагутарыць, нават зрабілі майстар-класы з булавамі і шынамі!
Паглядзіце хаця б апошнія тры выпускі – і вы ў гэтым пераканаецеся! –праводзьце лета разам з намі, здаравейце і весялейце. Пампуйце і кайфуйце!»

Знаёмыя, пэўна, далучыліся да спорту…

Валярына Кустава: «Не тое слова! І ўсё не прамінаюць паведамляць пра свае вынікі. Хтосьці 2-3 скінуў, хтосьці 10! Кажуць – паглядзелі на цябе. Што гэта рэальна. Скідваць шмат вагі, захоўваючы добры настрой і пругкую скуру. Таму – мы можам!».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары