Жаўнер, палітвязень, навуковец. Памёр самы стары мужчына планеты


За свае 111 гадоў Александэр Іміх паспеў паваяваць з бальшавікамі, прайсці ГУЛаг, стаць навукоўцам-хімікам, згубіць усе ашчаджэнні на біржы, напісаць кнігу-даследаванне анамальных з’яваў ды стаць нью-ёркскім пенсіянерам.

Нарадзінец польскай Чэнстаховы памёр у ЗША, пражыўшы 111 гадоў і 124 дні. Сакрэтам свайго даўгалецця Александэр Іміх называў «добрыя гены» (ягоны бацька дажыў да 90) і лячэбнае галаданне. Аднак сваім галоўным дасягненнем лічыў зусім не свой узрост, а навуковую працу. У 1929 годзе ён уладкаваўся ў хімічную лабараторыю, і менавіта хімія стала ягоным асноўным заняткам на ўсё жыццё. Але значна больш Александэра цікавілі паранармальныя з’явы. Яшчэ да ІІ сусветнай вайны ва ўзросце да 30 гадоў ён правёў даследаванне ў галіне парапсіхалогіі, назіраючы за медыумамі. Справаздачу апублікаваў нямецкі часопіс «Zeitschriftfür Parapsychologie». Аднак гэтыя матэрыялы згубіліся падчас вайны.

Вядома, што ва ўзросце 15 гадоў Александэр запісаўся ў Армію Краёвую, што змагалася з бальшавікамі, умеў кіраваць цяжкавіком.

У 1939 годзе пасля нападзення нацысцкай Нямеччыны на Польшчу – разам з жонкаю ўцёк у Беласток, які быў пад савецкаю ўладаю. Там іх арыштавалі ды выслалі ў лагер пад Архангельск. «Зімою было гэтак холадна, што калі плюнуць, да зямлі далятаў лядзяш», – узгадваў Александэр Іміх у адным з інтэрвю.

У 1941 годзе сям’ю Імічаў вызвалілі паводле амністыі. Навуковец разам з жонкаю трапілі ва Узбекістан, адкуль пераехалі ў Польшчу, потым – у Францыю. Пасля вайны аказалася, што нацысты забілі амаль усіх ягоных сваякоў. Пажыўшы некаторы час у Францыі, Іміхі імігравалі ў ЗША, дзе Аляксандр да пенсіі працаваў хімікам-кансультантам. Аднак навукоўца не адпускала прага да даследавання паранармальных з’яваў. Ён друкаваўся ў спецыялізаваных выданнях, даследаваў сведчанні тых, хто сутыкаўся з невытлумачальнымі з’явамі, ды заснаваў Даследчы цэнтр анамальных з’яваў, што меўся «вырашальна прадэманстраваць» навукоўцам прыклады дзеяння звышнатуральных сілаў.



Распавядаючы журналістам пра сакрэт свайго даўгалецця, Іміх параіў усім, хто хоча мець доўгае жыццё, адмовіцца ад алкаголю, тытуню і падтрымліваць фізічную форму. «Насамрэч я ніколі не задумваўся пра тое, што я стану старым, – сказаў ён у адным з апошніх інтэрвю. – Але галоўнае – не тое, колькі гадоў ты будзеш жыць, а тое, якім будзе гэтае жыццё».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў