Што калекцыянавалі нашыя продкі?


Сваё апошняе эсэ з цыклу «STARавіны» я прысвячаю калекцыянерству, бо, па сутнасці, усё, пра што я пісаў, базавалася на калекцыях газетных падпісак, якія захаваліся ў бібліятэках і архівах Беларусі, дзякуючы таксама і калекцыянерам, праз якіх выданні трапілі ў сённяшнія сховішчы.

Як і цяпер, у газетах стогадовай даўніны час ад часу з’яўляліся аб’явы калекцыянераў, падобна такім, якія змясціў у лютым 1913 года ад імя Д.Г.Гурэвіча, а ў траўні ад імя З.А.Гурвіча «Могилёвский вестник»: «Купляю антыкварыят: золата, срэбра, плаціну, бронзу, парцаляну, карціны, гравюры, мініацюры, габелены. Дываны, старую мэблю з бронзаю, манеты і медалі, каштоўныя каляровыя камяні, жэмчуг і інш.» (1913, 26.01.(8 .02); 21.04 (4.05). Уяўляеце сабе, якія былі зборы ў гэтых калекцыянераў (а можа гэта была нават адна і тая ж асоба?). У гэтай жа газеце паведамлялася, што нейкі праезджы калекцыянер скупляў лялькі і філіжанкі з парцаляны і нефрыту, мэблю з чырвонага дрэва і карэльскай бярозы, паясы, дываны, граматы, медалі, залатыя табакеркі і інш.

Zrzut ekranu 2014-06-9 o 15.08.13

Напэўна, у сённяшніх калекцыянераў ёсць маркі, пра якіх пісала «Наша Ніва» 21 снежня 1912 года: «Ад 1 студзеня 1913 года будуць заведзены новыя паштовыя маркі, на каторых будуць партрэты Гасудара і асоб Царствуючага Дому, а гэтаксама і малюнкі гістарычных будынкаў» (№ 51-52, с. 5). 15 лютага 1914 года «Наша Ніва» пісала, што продаж названых марак затрымалі, і невядома, ці будуць далей іх прадаваць, ці скасуюць (НН, № 7, с. 3). Пра юбілейныя маркі наміналам 7 і 20 капеек у 1914 годзе напісаў «Могилёвский вестник»: маркі надрукавала экспедыцыя дзяржаўных папер, іх будуць прадаваць да канца года, пакуль не закончыцца іх запас. Газета падала, што больш такіх друкаваць не будуць, а вернуцца да продажу старых. «…Шмат якія калекцыянеры цяпер ужо прыступілі да іх збірання» (№ 66, с. 3). Узамен юбілейных марак экспедыцыя меркавала выпускаць маркі такога ж памеру з выявай Расеі ў выглядзе жанчыны (МВ, № 98, с. 3).

«Могилёвский вестник» (1913, № 59, с. 3) паведаміў, што асобныя маркі, выпушчаныя ў продаж у 1904 годзе Жаночым патрыятычным таварыствам, будуць лічыцца сапраўднымі толькі да пачатку 1914 года, а потым іх прыбяруць з абарачэння. 1 (13) студзеня 1912 года Гарадзенская паштова-тэлеграфная кантора выпусціла новыя юбілейныя паштовыя маркі да 300-годдзя дынастыі Раманавых (Северо Западная Жизнь, 1912, №. 2, с. 3).

Нашыя продкі калекцыянавалі таксама медалі. Крама З.Б. Пінчука ў Магілёве па вул. Вялікай Садовай у сакавіку 1913 года прапаноўвала купіць юбілейныя медалі ў памяць 300-гадовага панавання Дому Раманавых (МВ, 1913, № 22, с. 4).

Думаю, што кожны з чытачоў, прынамсі ў дзяцінстве, што-кольвек калекцыянаваў. Я, будучы хлопчыкам, напрыклад, збіраў маркі, а стаўшы дарослым, пераключыўся на збіранне публікацыяў пра Горадню. Галоўнае, каб калекцыянаванне не ператварылася ў фетыш.

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў