Парашэнка хоча спыніць баі на ўсходзе Украіны на гэтым тыдні


Агонь на ўсходзе Украіны трэба спыніць найбліжэйшымі днямі, адзначыў украінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка. Гэта заява прагучала на фоне новых сутыкненняў паміж украінскімі вайскоўцамі і сепаратыстамі ў Славянску.

«Мы мусім на гэтым тыдні спыніць агонь. Для мяне кожны дзень, калі паміраюць людзі, кожны дзень, калі Украіна плаціць такі высокі кошт, – непрымальны», – падкрэсліў Пятро Парашэнка.

Паводле прэзідэнта, трэба аднавіць працу дзяржаўнай мяжы Украіны – дзеля таго, «каб гарантаваць бяспеку кожнага грамадзяніна Украіны, які жыве на Данбасе, незалежна ад таго, якія палітычныя сімпатыі ён мае».



Кіраўнік дзяржавы прапанаваў штодня праводзіць паседжанні трохбаковай кантактнай групы мірнага ўрэгулявання на Данбасе дзеля аналізу зробленага і каардынацыі далейшых дзеянняў.



На апошняй сустрэчы прысутнічалі амбасадар Украіны ў Нямеччыне Паўло Клімкін, адмысловы прадстаўнік Генеральнага сакратара АБСЕ Гайдзі Тальявіні і амбасадар Расейскай Федэрацыі Міхаіл Зурабаў.



Парашэнка заявіў, што бакі мусяць працаваць над рэалізацыяй дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя ў Нармандыі падчас сустрэчы кіраўнікоў Украіны, Расеі, Нямеччыны ды Францыі.



Кіраўніцтва самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» не паверыла заяве ўкраінскага прэзідэнта і адзначыла, што працягвае мабілізацыю.




«Што хацеў сказаць сваёй заяваю пра спыненне ваенных дзеянняў Парашэнка – спытайце ў яго самога. А ў нас працягваецца мабілізацыя і падрыхтоўка добраахвотнікаў да абароны Данецку», – сказаў агенцтву «Интерфакс» гэтак званы першы віцэ-прэм’ер ДНР Андрэй Пургін.

У нядзелю працягвалі паступаць паведамленні пра страляніну і сутыкненні паміж сепаратыстамі ды ўкраінскімі вайскоўцамі ў Славянску на ўсходзе Украіны.

Кіраўнік прэс-цэнтру антытэрарыстычнай аперацыі Уладзіслаў Селязнёў напісаў на сваёй старонцы ў «Facebook’у», што сепаратысты абстрэльваюць жылыя кварталы з мінамётных установак, якія перамяшчаюць па горадзе на некалькіх цяжкавіках.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk, pravda.com.ua

Стужка навінаў