Беларускі Вавілон (ФОТА)


Цэнтр малой сціплай Горадні на 3 дні стаў яскравым ажыўленым кірмашом, дзе не толькі гандлявалі, але перадусім весяліліся. Аднак, аказаўшыся на гэтым кірмашы, недасведчаны доўга б чухаў патыліцу: «А якая гэта краіна?»

Беларус з літоўска-венесуэльскім сцягам

Рэкі людзей цяклі па пешых вуліцах святочнае пляцоўкі. На першы погляд гэта былі самыя звычайныя гараджане. Адзінае, што іх адрознівала, дык гэта адлюстраванне свята на тварах. Але нацыянальныя элементы, якія сустракаліся ў гэтай жывой рацэ, кідаліся ў вочы: габрэйская кіпа, жанчыны ў квяцістых усходніх уборах ці польскі сцяжок на шчацэ. Збівала з панталыку тое, што часам адразу некалькі сімвалаў розных народаў спалучаліся на адным чалавеку. Гэтак, можна было сустрэць чалавека з літоўскім ды венесуэльскім сцягам адначасова, і пры тым ён быў тыповым гарадзенцам.Фота belsat.eu Украінцы частавалі гасцей пад расейскімі сцягаміФота belsat.eu Украінцы частавалі гасцей пад расейскімі сцягамі

Справа ў тым, што кожная народнасць мела асобны падворак, дзе ладзілася свая праграма – танцы і спевы ў народных строях, пачастунак нацыянальнымі стравамі, выставы рэчаў, уласцівых гэтай краіне. Пры гэтым некаторыя раздавалі свае сцягі ўсім, хто зайшоў на іхны падворак, незалежна ад нацыянальнасці. Літоўцы прышчэплівалі да адзення сваіх гасцей чырвона-зялёна-жоўтую стужку, венесуэльцы раздавалі чырвона-сіне-жоўтыя сцягі з зорачкамі, палякі малявалі на тварах чырвона-белыя сэрцы. Толькі аднойчы трапіла на вочы дзяўчына з намаляваным на руцэ бел-чырвона-белым сцягам, а вось расейскія трыкалоры былі бачныя паўсюль.

Украінцы частавалі гасцей з расейскімі сцягамі

На падворак да ўкраінцаў зайшоў пачаставацца салам і гарэлкаю мужчына з расейскім сцягам. Дарэчы, расейскі ды ўкраінскі падворкі размясціліся адзін насупраць другога.

У якіх вы стасунках з суседзямі з падворку падчас фестывалю? – пытаюся ва ўкраінца з Маларыты Берасцейскае вобласці.

Ды мы з усімі сябруем! – хлопец усміхаецца, налівае па кілішку сваім гасцям, у тым ліку і з трыкалорамі, і, відавочна, не хоча пераходзіць на палітычныя пытанні.

Вядома ж, мы перажываем за Украіну – у нас там родныя. Выбары хіба прайшлі найлепш з магчымых варыянтаў, але невядома, што будзе там у найбліжэйшы час, – гаворыць жанчына з Маларыты.

Украінскі падворак увесь завешаны вышыванымі ручнікамі, пры боку – балонікі з жоўта-блакіту. Украінцы не танчылі на фестывалі, толькі спявалі.

А вы ўкраінец? – падыходжу да ўжо стомленага гарманіста ва ўкраінскім адзенні.

Не, я беларус. Але ці ж я не магу пабыць украінцам на час фестывалю, калі патрэбна дапамагчы сябрам? – знаходзіць мужчына нечаканае тлумачэнне.

Крымскі татарын быў у шоку ад фестывалю

Крымскі татарын Ленмар прыехаў з Жодзіна Менскае вобласці ўпершыню і сёлета адзін рэпрэзентуе сваю народнасць.

Фота belsat.eu Танцы на падворку казахаў, турменаў ды ўзбекаўФота belsat.eu Танцы на падворку казахаў, турменаў ды ўзбекаў– Я быў у шоку ад масавасці і ад рэакцыі людзей. Калі мы ішлі вялікім парадам, а людзі бачылі мяне аднаго і надпіс “крымскія татары”, то пачыналі махаць рукамі, вітаць, пляскаць… – А чым адрозніваюцца крымскія татары ад татараў? – Абліччам і месцам нараджэння. А так – мы такія ж людзі.

На наступны фестываль Ленмар збіраецца прыехаць з усёй сям’ёй.

Сустрэліся на свяце і самыя сапраўдныя немцы з Берліну.
Сужэнцам Вітке і Людвігу на выгляд за шэсцьдзесят. Яны прыехалі ў Беларусь на перамовы аб усталяванні памятнага знаку ахвярам Другой сусветнай вайны каля Менску, а ў Горадню завіталі паслухаць новы арган у лютэранскай кірсе. Людвіг пасля некалькі хвілінаў знаёмства запрашаў мяне пагасціць у іхным доме ў Берліне. Праўда, нямецкі падворак не мог пахваліцца такою шчодрасцю. Сёлета на ім не было страваў нацыянальнай кухні.

Беларусы збіралі публіку праз сваю экзатычнасць

Папулярнасцю карысталіся і беларусы, але не столькі на беларускім падворку, дзе спявалі жанчыны ў народных строях, а проста на вуліцах. Маладзёны з небеларускім абліччам ці незвычайнымі музычнымі інструментамі прыцягвалі шмат цікаўных. Каля помніку князю Вітаўту выступаў этна-гурт напаўаголеных маладых людзей у звярыных шкурах з валынкамі ды барабанам. На Савецкае вуліцы граў саксафон, а гурт «простых гарадзенскіх сяброў» з дрэдамі ды бародамі ў рваных джынсах прывабліваў рытмічнаю музыкаю ударных, духавых, струнных «а-ля лацінаамерыканскіх інструментаў».Фота belsat.euФота belsat.eu

Фестываль разбіваў стэрэатыпы

Гэты фестываль разбіваў некаторыя стэрэатыпы. Каля цыганоў, якіх часцей абыходзяць бокам на ўсялякі выпадак, сабралася шмат гледачоў. «Ромалэ» занялі пляцоўку каля цэнтральнае гарадзенскае крамы, і іхныя пранікнёныя спевы было чуваць здалёк. А габрэі, вядомыя схільнасцю да «гешэфту», задарма частавалі ўсіх наведнікаў мацою і нават працягвалі напоўніцу танчыць і забаўляць гасцей, калі афіцыйна падворкі ўжо зачыняліся.

Вядома ж, шмат якія чаканні ад іншых народнасцяў спраўдзіліся. Самымі мяснымі падворкамі з запальнымі танцамі сталіся каўказскія. А найбольш цікаўных збіралі падворкі экзатычных краінаў – індыйцаў, венесуэльцаў, карэйцаў, іспанцаў.

Настасся Фрода, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары