Ва Украіну прарываецца тэхніка з Расеі. Памежнікі просяць падмацавання


Да ўкраінскай мяжы з боку Таганрогу падышла калона з 10 БТР-аў, 10 КамАЗаў. Сярод расейскай тэхнікі – палівазапраўнік з гарматаю на прычэпе.

Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напісаў намеснік камандзіра батальёну «Азоў» Яраслаў Ганчар.

«У раёне сяла Новая Надзежда (РФ) мяжу перасеклі 6 БТР-аў, 6 КамАЗаў і палівазапраўнік з гарматаю», – паведаміў вайсковец. Імаверна сёння ноччу частка калоны, якая засталася пакуль у Расеі, будзе прарываць мяжу, мяркуе намеснік камандзіра.

«Калі ўжо нарэшце нашы памежныя заставы атрымаюць ўзмацненне? Не преракрыўшы мяжы, мы будзем праводзіць антытэрарыстычную аперацыю яшчэ гадамі!», – падкрэсліў украінскі вайсковец.

Узброеныя баевікі захапілі сёння будынак Службы бяспекі Украіны ў горадзе Алчэўск Луганскай вобласці. У самім Луганску сепаратысты занялі Авіяцыйна-рамонтны завод. Ахвяраў у выніку падзеяў няма.

У сваю чаргу украінскія сілавікі затрымалі сёння каля Славянску двух журналістаў расейскага тэлеканалу «Звезда». Іх падазраюць у тым, што яны шпіёнілі для байцоў «Данецкай народнай рэспублікі», даючы ім інфармацыю пра размяшчэнне блок-пастоў украінскіх жаўнераў. Міністэрства замежных справаў Расеі запатрабавала ад афіцыйнага Кіева вызвалення затрыманых прадстаўнікоў «Звезды».

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў