Дзмітрый Мядзведзеў: Лукашэнка робіць з Расеі галоўнага ворага


Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў у сваім відэаблогу абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў распальванні варожасці паміж Расеяй і Беларуссю, а таксама прыгадаў знікненне апазіцыйных палітыкаў.

У сваім 7-хвілінным выступе Дзмітрый Мядзведзеў скрытыкаваў беларускае кіраўніцтва і асабіста Аляксандра Лукашэнку. Ён нагадаў пра нафтагазавыя датацыі: паводле Мядзведзева, толькі сёлета коштам ільготных цэнаў на нафту дапамога Беларусі склала амаль $ 2 млрд. “Параўнальныя датацыі выдаткоўваюцца і ў межах паставак у Беларусь расейскага газу”, – падкрэсліў прэзідэнт Расеі.

Пры гэтым, на думку Дзмітрыя Мядзведзева, “кіраўніцтва Беларусі бярэ на ўзбраенне антырасейскую рыторыку. Перадвыбарчая кампанія там цалкам пабудаваная на антырасейскіх сюжэтах, на істэрычных абвінавачваннях Расеі ў нежаданні падтрымліваць беларусаў і беларускую эканоміку, праклёнах на адрас расейскага кіраўніцтва”.

“Імкненне сфармаваць у грамадскай свядомасці вобраз знешняга ворага заўсёды адрознівала беларускае кіраўніцтва. Толькі раней у гэтай ролі выступалі Амерыка, Еўропа, Захад у цэлым. Цяпер адным з галоўных ворагаў абвесцілі Расею”, – дадаў Дзмітрый Мядзведзеў.
Прэзідэнт Расеі таксама нагадаў пра абяцанні Аляксандра Лукашэнкі прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі, заявіўшы, што для афіцыйнага Менску гэтае пытанне сталася аб’ектам палітычнага гандлю. “Партнёры гэтак сябе не паводзяць. І вядома, мы будзем улічваць гэта ў пабудове адносінаў з дзейным прэзідэнтам Беларусі”, – падкрэсліў Дзмітрый Мядзведзеў.

Ускосна прэзідэнт Расеі адказаў на выпады Аляксандра Лукашэнкі ў бок Крамля. “На адрас Расеі ды яе кіраўніцтва ідуць патокі абвінавачванняў і лаянкі. На гэтым пабудаваная ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі”, – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў, параіўшы пры гэтым займацца “ўнутранымі праблемамі. У тым ліку, нарэшце, расследаваць шматлікія справы аб знікненні людзей”.

belsat.eu

Стужка навінаў