Крымскія татары і расейцы з "Кацюшай"... Каля 40 народаў сустрэліся ў Горадні


Украінцы насупраць расейцаў, габрэі побач з немцамі, літоўцы і палякі – у суседніх замках, іспанцы, італьянцы, англічане, эстонцы і балгары на адным падворку, а беларусы асобна ад усіх… Так размясціліся падворкі розных народаў на традыцыйным фестывалі нацыянальных культураў у Горадні.
Да юбілею ўсталявалі ўспамін пра Фару Вітаўта
Свята, якое ладзіцца ў Горадні кожныя два гады, сёлета праходзіць у дзесяты юбілейны раз. Упершыню фэст правялі 18 год таму, зараз ён спраўляе сваё „паўналецце”. Падзея шырока разгарнулася і таму, што Горадня абраная культурнае сталіцаю Беларусі на цэлы год.
Да апошняга горад прыхарошваўся, каб прыняць гасцей. Падфарбоўвалі будынкі, якія ад рознакаляровых плямаў часова нагадвалі гепардаў, клалі плітку, латалі дарогі, рамантавалі крамы, аднаўлялі значныя гістарычныя будынкі. Тыя, што не паспелі, ці за якія нават не браліся, акуратна завесілі зялёным палатном. На цэнтральных вуліцах з’явіліся ўказальнікі з назвамі вуліц, аформленыя нібы ў стылі даўніх часоў – па-беларуску. „Расквітнеў” на дзвюх клумбах сімвал фестывалю – кветачка-вясёлка з рознакаляровага жвіру, а ля галоўнага парку павесілі здымкі з фестываляў мінулых гадоў. Перад пачаткам маштабнае дзеі адкрылі алею сяброўства – прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў пасадзілі па дрэўцы ля Каложы ды павязалі на яго свой нацыянальны сцяг.
Гэты фэст зрэалізаваў адну з доўгачаканых дзеяў, у якую скептыкі не верылі да апошняга. На месцы ўзарванай больш за 50 год таму Фары Вітаўта, галоўнай святыні гораду, усталявалі памятны знак з выяваю каталіцкага ды праваслаўнага крыжоў. Арганізатары таксама абяцалі, што ноччу з дапамогаю лазераў намалююць у небе саму Фару ды распавядуць яе гісторыю. У акіуальнай праграме імпрэзы аднак пазначылі, што лазернае шоу будзе з нейкім загадкавым зместам. Што з гэтага атрымаецца, можна будзе пабачыць ужо сёння ноччу.
{movie}Фестываль нацыянальных культур у Горадні (06.06.2014) |right|16868{/movie}
Народныя падворкі, фэст вулічнага мастацтва ды сабачкі ў нацыянальных строях
Сёлетні фестываль мае наведаць як ніколі шмат удзельнікаў – па розных дадзеных ад 26 да 37 нацыяльнасцяў, што пражываюць у Беларусі. Для параўнання, у 1996 годзе ўдзельнічалі прадстаўнікі толькі 11 народаў. Хіба галоўнай разынкай фестывалю будзе другі дзень свята, калі кожны – карэйцы, цыганы, венесуэльцы, армяне ды іншыя – на сваім падворку запрэзентуюць сваю культуру. Удзельнікі фэсту звычайна частуюць наведвальнікаў нацыянальнымі стравамі (бясплатна ці за грошы), ладзяць канцэрт з народных танцаў ды спеваў, паказваюць свае абрады, распавядаюць пра нацыянальныя строі, робяць выставы характэрных прадметаў іхняга народу: зброю, упрыгожванне, посуд, усяляк забаўляючы гасцей.
Акрамя падворкаў будзе яшчэ шмат цікавых падзеяў. Развернецца горад народных майстроў, дзе кавалі ўпершыню сплятуць „жалезны кужаль”. Наводдаль пройдзе ІІІ міні-фестываль вулічнага мастацтва з фаершчыкамі, бокерамі, джамперамі, ды выступам музычных гуртоў, сярод якіх „Addis Abeba”. Арганізатары зладзяць бясплатную аўтобусную экскурсію па горадзе; у драмтэатры пакажуць спектакль пра халакост, створаны па дакументах і ўспамінах вязняў гета і канцлагераў; у парку Жылібера сабачкі прадэфіліруюць у нацыянальных строях сваіх гаспадароў; у сінагозе выступіць гурт з польскага Жэшува (Rzeszow) „Klezmer Band”.
Паўгадзіны на пошук бомбы і амапавец-жартаўнік


У першы дзень фэсту на вуліцах паболела мілыцыянтаў у белых кашулях. А месца святкавання традыцыйна абгарадзілі кратамі. Бліжэй вечара гараджане адчулі свята і праз тое, што з-за перакрытага руху на тэрыторыі імпрэзы грамадскі транспарт змяніў маршруты. “Пачакайце паўгадзіны, мы пакуль нікога не пускаем – правяраем тэрыторыю”, – заявіў адзін з амапаўцаў. Тым, хто проста хацеў праз цэнтр трапіць дадому, трэба было рабіць кола, абыходзячы нібы патэнцыйна небяспечнае месца, дзе маглі хавацца бомбы.
Крыху пазней, калі ўжо сабралася чарга, КПП можна было прайсці за 10 хвілін. Ніякіх ровараў, жывёлаў, нават напояў больш за паўлітра не прапускалі. “Гэта нашае шчасце!”, – абвесціў малады амапавец, праводзячы малых дзяцей разам з бацькамі па-за чаргой праз КПП. “А вас не прапусцяць, вас таксама, а вы занадта дарослы”, – амаль сур’ёзна ён паказваў то на аднаго, то на іншага сваім металашукальнікам, праходзячыся ўздоўж чаргі. Бадай, упершыню я чула, як жартуе амапавец.
Без пачуцця гумару цяжка было ператрываць і некаторыя іншыя моманты. Да прыкладу, на „тэрыторыі бяспекі” – плацдарме свята, куды можна было трапіць толькі праз КПП – я не знашла ніводнай бясплатнай прыбіральні. А дзверы тых біятуалетаў, што стаялі па-за межамі КПП, трэба было падтрымліваць камусьці звонку – бо яны элементарна не зачыняліся. Што праўда, унутры была туалетная папера ды кран з вадою. А каб набыць нешта з’есці, людзі станавіліся ў чэргі, дзе было больш за сто асобаў. Гандляры ніяк не паспявалі за гастранамічнымі патрэбамі ўдзельнікаў.
Каб прайсці за парадам, трэба было мінуць КПП
На адкрыцці фестывалю ўсе народнасці ішлі парадам ад адной плошчы да другой у цэнтры гораду праз жывы калідор з гледачоў. Дарэчы, прадстаўнікіі паасобных нацыянальнасці выстраіліся ў алфавітным парадку. Першай ішла агромністая група з выкрыкамі „А-зер-бай-джан”. Гучней за ўсіх, задаючы тон шмат каму, прытанцоўвалі пад барабаны венесуэльцы. Грузіны ды турмены (як толькі ім было не горача?) з гонарам ішлі ў папахах. Гішпанцы ці то крочылі, ці то ўвесь час танчылі фламенка. Карэйцаў сустракалі воклічамі захаплення, пэўна, праз неверагодныя шляпкі з ватных шарыкаў ці элегантныя жаноцкія летнія парасонікі. Палякі адныя з нешматлікіх неслі свае сцягі, а ў руках – белыя і чырвоныя ружы. Расейцы ўваходзілі з „Кацюшай” ды размахвалі трыкалорамі. Пасля немалой групы татараў ішлі тры чалавекі з шыльдай „крымскія татары”. Украінцаў, якія спявалі, але амаль нечутна, як мне падалося, сустракалі нейкімі выбухамі эмоцыяў ды гулам.
Цікава, што паміж дзвюма плошчамі размесціўся пункт пропуску. І каб прайсці за парадам, звычайным жыхарам трэба было патрапіць пад асабісты агляд. У выніку сабраўся дужы натоўп людзей, а праваахоўнік у глухі рупар з кепскай дыкцыяй спрабаваў давесці, што ёсць іншыя КПП, трэба толькі зайсці з іншага боку. Выбрацца з жывой ракі ды прайсці супраць плыні было задачай з няпростых. Нарэшце жадаючыя сканцэнтраваліся каля галоўнай сцэны ля помніку Леніну. Чыноўнікі чыталі тэксты з паперак. З доўгіх прамоваў пачулася толькі адзінае па-беларуску „У добры шлях фестываль!” Пасля гэтага прайшоў канцэрт артыстаў розных нацыянальнасцяў. Апоўначы жыхароў гораду абудзіў 15-хвілінны салют. Наперадзе яшчэ два дні міжнацыянальнага свята.
Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў