Хто сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Нармандыі і хто падаў яму руку?


70-я гадавіна высадкі саюзных войскаў у Нармандыі. Прысутныя амаль усе лідары краінаў – удзельніц Другой сусветнай вайны. Але цяпер краіны двух запрошаных прэзідэнтаў застаюцца ў стане неабвешчанай вайны. Таму на фоне дзяжурных заклікаў да міру асноўная ўвага прыцягнутая да пратакольных нюансаў.

{movie}Пратакольныя войны|right|16850{/movie}

Хто сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і хто падаў яму руку? Першы быў прэзідэнт Францыі. Франсуа Алянд вылучыўся надзвычай гнуткім графікам, паспеўшы напярэдадні павячэраць двойчы – з Оўбамам і з Пуціным. А вось сустрэча брытанскага прэм’ера з Пуціным прайшла не ў такой прыязнай атмасферы, нават рук не паціснулі.

ДЭЙВІД КЭМЭРАН, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:

“На гэтай сустрэчы прагучалі выразныя і цвёрдыя паведамленні. Цяпер, пасля прэзідэнцкіх выбараў, Украіна мае шанец стаць паспяховай і стабільнаю краінаю. Але мы не прымаем цяперашняй сітуацыі там. Расея мусіць прызнаць і пачаць працаваць з новым прэзідэнтам”.

За зачыненымі дзвярыма прайшла размова расейскага прэзідэнта з канцлерам Нямеччыны. І паводле нямецкіх медыяў, прайшла яна ў “прахалоднай атмасферы”. Мэркель нібыта прыгразіла Пуціну новымі санкцыямі, калі Крэмль не паўплывае на сепаратыстаў ва Украіне. Украінскага ж лідара канцлер запэўніла ў падтрыманні з боку “Вялікай сямёркі”.

АНГЕЛА МЭРКЕЛЬ, КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ:

“Відавочна, што прэзідэнт Парашэнка зробіць усё, каб захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і задаволіць патрэбы грамадзянаў. Але мы таксама размаўлялі на саміце “Вялікай сямёркі” ў Бруселі, што неабходнае і падтрыманне Расеі. І мы будзем надалей нагадваць пра тое, што Расея мусіць зрабіць, каб удала прайсці гэты шлях”.

Нягледзячы на ранейшыя заявы, адкрытага байкоту Уладзіміра Пуціна не адбылося. Ён паразмаўляў і з Баракам Оўбамай і нават з Пятро Парашэнкам. Абедзве гутаркі скончыліся ўсё тым жа – заклікам да дээскалацыі сітуацыі ва Украіне. На шчасце, сусветныя лідары знайшлі час на імпрэзу, з нагоды якой сабраліся.

ФРАНСУА АЛЯНД, ПРЭЗІДЭНТ ФРАНЦЫІ:

“Больш за 20 000 амерыканскіх жаўнераў паклалі жыцці тут у Нармандыі. 20 838 – нельга забыцца ні пра аднаго з іх. Гэта былі нашыя браты, нашыя вызваліцелі. Францыя ніколі не забудзе, чым мы абавязаныя гэтым жаўнерам”.



70 гадоў таму 156 000 амерыканскіх, брытанскіх і канадскіх жаўнераў высадзіліся на поўначы Францыі. Найбуйнейшая дэсантная аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю пад назваю “Дзень Д”, адкрыла доўгачаканы другі фронт у Еўропе. Таму акрамя палітыкаў, у Нармандыі віталі і некалькі соцень удзельнікаў тых падзеяў.

ТОМАС Г’ЮЛЕТ, УДЗЕЛЬНІК ВЫСАДКІ Ў НАРМАНДЫІ:

“Выжыць і зрабіць усё, каб высадка была паспяховая – гэта было галоўнае таго дня, і здаецца, у нас атрымалася. Мяне перапаўняюць эмоцыі, што тут скажаш, і я пачуваюся даволі сціпла. То бок, мы вельмі цэнім гэтыя ўрачыстасці, удзячнасць за тое, што мы зрабілі. Выдатна, што ўсе навокал здаюцца такімі шчаслівымі”.



Толькі ў першы дзень высадкі баі за вузкую паласу пляжу забралі жыцці больш як 10 000 саюзных жаўнераў. Коштам вялізарных стратаў ужо праз адзінаццаць месяцаў вермахт быў разбіты саюзнымі войскамі.

Праз 70 гадоў пасля гэтых падзеяў Еўропа змянілася да непазнавальнасці. Падмуркам стабільнасці на кантыненце лічыцца Берлін, Масква ж стала захопнікам.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў