Аўгіевы стайні ўкраінскай палітыкі


Люстрацыйны камітэт Майдану пра чыноўнікаў і суддзяў, якіх трэба гнаць у шыю.

Новы геапалітычны выбар, новы прэзідэнт, новая Украіна, але старыя праблемы. Прадажныя міліцыянеры, хабарніцтва, суддзі, якія вынеслі сотні праплачаных вердыктаў. «Украінскі дзяржапарат прагніў. Люстрацыя – гэта вымушаны крок, які дазволіць вычысціць гэтыя Аўгіевы стайні», – кажа Ягор Собалеў, грамадскі актывіст, у мінулым журналіст, а зараз кіраўнік г.зв. Люстрацыйнага камітэту Майдану, які прыехаў у Варшаву каб распавесці пра новыя метады барацьбы з карупцыяй ува Украіне.

Люстрацыя – забарона чыноўнікам высокага рангу, якія скампраметавалі сябе падчас выканання сваіх абавязкаў, займаць пасады ў дзяржапараце.

«Люстрацыйны камітэт не з’яўляецца дзяржаўнай структурай, а я не чыноўнік. Гэта грамадская ініцыятыва. Мы хочам змяніць Украіну. – тлумачыць грамадскі актывіст. – Мы прапаноўваем ачысціць дзяржаву ад карупцыянераў. Амаль увесь дзяржапарат пранізаны ФСБэшнікамі і КГБэшнікамі. Таму мы прапаноўваем неадкладна прыняць закон аб люстрацыі і пачаць набор кадраў ва ўсе структуры ўлады праз адкрытыя конкурсы», – тлумачыць Ягор Собалеў.

{movie}Ягор Собалеў: Украінскія ўлады баяцца люстрацыі |right|16856{/movie}

Але дзе набраць столькі дасведчаных чыноўнікаў? «Найлепей, каб будучыя чыноўнікі ўвогуле не мелі досведу, паколькі ўва украінскіх умовах гэта будзе хутчэй за ўсё карупцыйны досвед. … Сярод 16 удзельнікаў сёлетняга адкрытага конкурсу на кіраўніка львоўскай міліцыі, толькі адзін ніколі не быў звязаны з нейкімі карупцыйнымі схемамі», – працягвае кіраўнік люстрацыйнага камітэту.

«Мы лічым, што чыноўнікамі, суддзямі, міліцыянерамі не могуць быць былыя камуністычныя і камсамольскія актывісты, тыя, хто не ў стане патлумачыць паходжанне сваёй маёмасці і маёмасці сваёй сям’і – бадай што галоўня прыкмета карупцыі, тыя прадстаўнікі дзяржапарату, якія падчас «Еўрамайдану» займалі кіруючыя пасады, але нягледзячы на тое, што адбылося, не напісалі заяву аб адстаўцы, і тыя, хто словамі ці дзеяннямі падтрымліваў тэрарыстаў на Данбасе».

Ягор Собалеў – украінскі грамадскі і палітычны актывіст, журналіст. Працаваў у шэрагу выданняў. У 2008 г. за асвятленне карупцыйных і палітычных скандалаў быў звольнены з Пятага каналу, які належыць дзейснаму прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку.

З ініцыятывай правесці «чыстку» украінскіх дзяржаўных структур выступалі і раней. За апошнія 10 гадоў праз украінскі парламент прайшло некалькі законапраектаў, якія акрэслівалі крытэрыі люстрацыі. «Такі закон шмат каму не выгадны. Большасць дзейсных палітыкаў зрасліся з карупцыйнай дзяржавай і яны не зацікаўленыя ў наяўнасці незалежных судоў, ім не патрэбны чэсныя міліцыянеры і пракуроры. Трэба чакаць пакуль у нашай краіне памруць алігархічныя партыі, а на іх месцы ўзнікнуць партыі людзей», – заключыў Ягор Собалеў.

ЮВ, ОС, belsat.eu

Стужка навінаў