Беларускі імпарцёр цацак выхоўвае любоў да расейскага войска ў нашых дзяцей? (фота)


У берасцейскім гандлёвым цэнтры «Карона» можна купіць мадэлі цацачных машын, якія папулярызуюць службу ў расейскім войску і міліцыі.



Цацачныя мадэлі расейскай тэхнікі з сімволікаю Расейскай Федэрацыі пастаўляе з Кітаю ў Беларусь прыватнае прадпрыемства «Бэбітойс».

Апісанне машынак на сайце арганізацыі пакідае нямала пытанняў. Напрыклад, рэцэнзія да мадэлі «ГАЗ-66-Спецназ»: «Гэтая мадэль уяўляе сабой паменшаную версію сапраўдных баявых аўтаў. Як вы думаеце, няўжо яна можа не спадабаецца хлапчуку?! Вядома, не! Такія мадэлі заўсёды карысталіся вялікім попытам у аддзелах цацак. На бакавых дзвярах аўта намаляваны сцяг. Такая мадэль цалкам можа прышчапіць любоў да войска з дзяцінства».

Імпарцёр, праўда, забыўся пазначыць, што сцяг гэты – расейскі. Машынак са сцягамі іншых краінаў (у тым ліку з афіцыйным дзяржаўным сцягам Беларусі) у продажы не было. Задаць пытанні прадстаўнікам фірмы, навошта ў Беларусі забаўкі з сімволікаю суседняе дзяржавы, гэтак і не ўдалося – ні адзін сродак сувязі (тэлефоны і скайп) «Бэбітойс» не адказваў.

Наступнае апісанне – да мадэлі «Lada Kalina АМАП»: «Калі трэба выканаць небяспечнае заданне ў горадзе – на дапамогу прыходзіць АМАП. Вашае дзіця самастойна зможа захапіць і ліквідаваць небяспечных злачынцаў, забяспечыць парадак у горадзе! І ўсё гэта дзякуючы паменшанай копіі «Lada Kalina АМАП». Таксама пры неабходнасці дзіця заўсёды зможа выклікаць падмацаванне, запрасіўшы сваіх сяброў».

Яшчэ адна «цудоўная» цацка «Урал з ракетай»: «Урал з ракетай» можна падарыць любому дзіцяці, і не важна, ці будзе гэта святочны падарунак або звычайны набытак. Такая мадэлька можа выклікаць цікавасць не толькі ў дзіцяці, але і ў дарослага, які калекцыянуе рэдкія дзіцячыя аўтамабілі. Машынка выглядае вельмі сур’ёзна, як і мусіць выглядаць сапраўдная ваенная мадэль».

Гэтую прадукцыю «Бэбітойс» прадаваў і праз сваю інтэрнэт-краму. Сёння на сайце фірмы напісана, што крама часова зачынена. Тым не менш спрэчныя цацкі дагэтуль можна знайсці на паліцах беларускіх крамаў.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў