ЕГУ. Канфлікты на выгнанні


Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прымае гэтымі днямі дэлегацыю замежных донараў, якія збольшага і фінансуюць навучальную ўстанову, што пасля выгнання з краіны размясцілася ў Вільні. Гасцей віталі выкладчыкі. Што праўда… пікетам, зладжаным супраць палітыкі адміністрацыі навучальнай установы.

КАНСТАНЦІН ТКАЧОЎ, ПРАФЗВЯЗ ЕГУ «EHUNION»:
“Пратэст звязаны з тымі праблемамі, якія цяпер існуюць ва ўніверсітэце, з парушэннем правоў выкладніцкага складу ва ўніверсітэце, дый таксама іншых. Гэта ў першую чаргу працоўныя правы, а таксама з парушэннем акадэмічных свабодаў ва ўніверсітэце”.

{movie}ЕГУ. Канфлікты на выгнанні (05.06.14) |right|16839{/movie}

Канфлікт цягнецца два гады. Пачалося з шэрагу прызначэнняў без кансультацыі з самакіраваннем універсітэту, пасля былі скарачэнні заробкаў, звальненне старшыні сенату прафесара Церашковіча. Цяпер адміністрацыя ўзялася за дамовы з тымі, хто застаўся. А не таямніца, што колькасць выкладчыкаў зменшаць.

МАКСІМ ЖБАНКОЎ, ДАЦЭНТ, СЕНАТАР ЕГУ:
“Гэта не конкурс, гэта фактычна адбор загадзя падрыхтаваных асобаў. І, дарэчы, адміністрацыя гэтага нават не хавае. Пра тое, што конкурс падроблены, ведаюць усе: ведае адміністрацыя, ведаюць тыя, хто перамог у ім, тыя, хто ў ім не ўдзельнічаў, ведае нават і студэнцтва”.

Канфліктам зацікавіўся літоўскі кантралёр акадэмічнай этыкі. Праверка знайшла шэраг парушэнняў з боку адміністрацыі, параілі адмяніць конкурс на прывілеяваныя дамовы. Кіраўніцтва ЕГУ мелася адказаць на заўвагі яшчэ ў панядзелак, але ўсцяж працуе над водгукам. Калі ж рэакцыі не будзе і ў пятніцу…

КАНСТАНЦІН ТКАЧОЎ, ПРАФЗВЯЗ ЕГУ «EHUNION»:
“Заўвагі кантралёра будуць перададзеныя ў іншыя дзяржаўныя ўстановы Літоўскай Рэспублікі, таксама ўва ўстановы, якія вырашаюць пытанне акрэдытацыі ЕГУ, якая будзе праводзіцца ў гэтым годзе”.

Адміністрацыя ж навучальнай установы кажа, што ЕГУ патрэбнае рэфармаванне, і гэтым выкліканы супярэчлівы конкурс на выкладчыкаў. Пра заўвагі выказваюцца коратка.

ДАРУС УДРЫС, ПРАРЭКТАР РАЗВІЦЦЯ І КАМУНІКАЦЫІ:
“Мы, безумоўна, разгледзелі заўвагі. Мы разгарнулі працэс падрыхтоўкі адказу на іх. І я не хацеў бы каментаваць яго, бо гэта юрыдычны працэс, які яшчэ не завершаны. Але мы не разглядаем пытанне як закрытае”.

Але галоўнае пытанне, якое хвалюе цяпер адміністрацыю, – гэта пошук фінансавання і донараў на бліжэйшы год. Выкладчыкі ж нагадваюць, што самыя важныя спонсары ўніверсітэту – даўно вядомыя, і шукаць іх не трэба.

МАКСІМ ЖБАНКОЎ, ДАЦЭНТ, СЕНАТАР ЕГУ:
“Адным з асноўных спонсараў зїяўляюцца студэнты, бацькі беларускіх студэнтаў, якія за гэта даюць грошы. Прабачце, але іхныя інтарэсы трэба ўлічваць. Пакуль жа іх ніхто ні пра што не пытаецца”.

Студэнты ж, якія на пачатку канфлікту былі на баку выкладчыкаў, кажуць, што ад сварак проста стаміліся. Дый да конкурсу, які гэтак абурае выкладчыкаў, ставяцца спакойна.

МАРЫЯ СЛЯПЦОВА, ПРЭЗІДЭНТКА СТУДЭНЦКАГА ПРАДСТАЎНІЦТВА:
“Я думаю, што студэнты не будуць звяртаць увагі на ўсе легальныя пункты, калі раптам скажуць, што конкурс быў праведзены незаконна, але набяруць добрых выкладчыкаў, я не думаю, што студэнты неяк на гэта адрэагуюць”.

Нягледзячы на ўсе канфлікты, праз месяц сцены ЕГУ пакіне ўжо дзявяты выпуск з часоў выгнання. Праўда, на Радзіму вяртаецца толькі кожны другі выпускнік.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў