Навуковы гонар Шушкевіча


Сёння ў будынку Варшаўскай Вышэйшай школы гандлёвай ганаровае званне доктар honoris causa атрымаў Станіслаў Шушкевіч. Нашага славутага суайчынніка адзначылі за навуковыя дасягненні і ў знак салідарнасці.

Першы кіраўнік незалежнае Беларусі, прафесар Шушкевіч вядомы падпісаннем Белавежскага пагаднення, якое скончыла існаванне Савецкага Саюзу. Але сёння рэктар аднаго з самых прэстыжных польскіх універсітэтаў, як і ягоныя калегі, адзначыў навуковую дзейнасць Станіслава Шушкевіча – адмыслоўцы ў радыёэлектроніцы ды ядравай фізіцы, аўтара больш як 150-ці навуковых працаў. Свае віншаванні першаму кіраўніку незалежнае Беларусі даслаў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і ягоныя папярэднікі – Лех Валэнса і Александэр Квасьнеўскі. Што цікава, урачыстая цырымонія адбылася ў 25-ю гадавіну першых свабодных выбараў у Польшчы – пад польскі дзяржаўны гімн ды нацыянальны гімн Беларусі “Магутны Божа”.

{movie}Навуковы гонар Шушкевіча |right|16825{/movie}

Станіслаў Шушкевіч падзякаваў рэктарату універсітэту за тое, што ён у свае гады можа не толькі выкладаць у гэтых сценах, але і вучыцца сам. Ды заклікаў Польшчу дапамагчы Беларусі навучыцца галоўнаму – свабодзе і дэмакратыі.

Станіслаў Шушкевіч – першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савету з 1991 па 1994 год, прафесар.

{movie}Каментар: Станіслаў Шушкевіч |right|16826{/movie}

Перш за ўсё віншую вас. Спадар Шушкевіч, сёння вы атрымалі ганаровае званне, доктар honoris causa Варшаўскай Вышэйшай школы гандлёвай. Што вы адчуваеце ў сувязі з гэтым?

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

„Ведаеце, я вельмі гэтым ганаруся. Шчыра кажучы, апошні месяц гэта для мяне нечаканасцю ўжо не было, што рыхтуецца такі крок. Спачатку ў гэта было цяжка паверыць. Я вельмі паважаю вышэйшую эканамічную школу Польшчы, таму што мне прыйшлося некалькі разоў з ёй кантактаваць, я меў тут публічныя лекцыі, я быў на семінарах навукоўцаў гэтай школы, выкладчыкаў. Я вельмі добра знаёмы з прафесарам Ёахімам Асіньскім – дэканам, які займаецца тут доктарскімі справамі. І ведаеце, гэта прыемныя, дасведчаныя людзі, з якімі прыемна весці гаворку: што рабіць, як быць, куды падацца, якія могуць быць варыянты… І, акрамя таго, мне здаецца, сцяг гэтай школы – Лешэк Бальцэровіч, з якім я знаёмы. Сёння атрымаў ад яго кніжку чарговую. Мне прыемна быць у гэтай установе і кантактаваць з гэтымі людзьмі”.

Скажыце, а якая доля салідарнасці ў сённяшняй урачыстасці, салідарнасці з Беларуссю? Ці вы гэта адчуваеце?

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

„Салідарнасць Польшчы з Беларуссю я адчуваю штодзённа. Таму што палякі нас разумеюць. Яны перажылі тое, што перажываем мы. І ў адрозненні, можа, ад больш заходніх краінаў, яны правільна разумеюць, што ў нас адбываецца, яны могуць гэта растлумачыць іншым. І акрамя таго, вялікая доля спачування. Таму што людзі, якія гэта перажылі, яны бачаць нашае цемрашальства, нашага невука на чале, які бачыць усіх вінаватых у дрэнных кіраўніках, але насамрэч разумее, што калі пайсці нармальным чынам, то будзе канец ягонае ўлады. Тут на гэта ўсё навуковыя падставы даўно распрацаваныя, яны ўдасканальваюцца, таму мне прыемна мець справы з гэтымі людзьмі”.

Скажыце, калі ласка, чаму Польшча магла б навучыць Беларусь і Украіну, як краіны, пакуль далёкія ад дэмакратыі?

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

„Я б сказаў, справа „навучыць” – гэта нейкі ментарскі тон. А справа „дапамагчы ў навучанні”, дапамагчы ў гэтай навуцы, працаваць як партнёры – Польшча сябе вельмі карэктна паводзіць. Я сёння ледзь не ашалеў – 3 прэзідэнты Польшчы даслалі мне віншаванні з гэтым прысваеннем. Ну дзе вы яшчэ такое бачылі? Дзе можна было яшчэ такое адчуць? А сапраўды я іх усіх ведаю. Я ведаю і Валенсу, і Кваснеўскага, і ведаю сённяшняга прэзідэнта Камароўскага. Яны спачуваюць Беларусі – ўсе. І ўсе па-свойму, па-рознаму, па розных галінах. Я думаю, на сённяшні дзень галоўнае – адукацыя маладых людзей у Беларусі. І ў Польшчы яны могуць атрымаць сапраўдную адукацыю”.

Беларуская моладзь – на што яна можа разлічваць у будучыні?

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

„Яна павінна разлічваць на сябе. Яна павінна быць адукаванай. Моладзь паказвае прыклады гераічных учынкаў. А павінна паказваць прыклады ўдумлівых учынкаў. Для гэтага трэба вучыцца. І яна вучыцца”.

Марцін Ярскі, Белсат, Варшава

Стужка навінаў