2017 год стаў самым бяспечным у гісторыі грамадзянскай авіяцыі


Паводле Федэральнага аб’яднання паветранага транспарту Нямеччыны, рызыка стаць ахвярай авіякатастрофы з 1970-х гадоў знізілася ў 482 разы.

Мінулы год стаў найбольш бяспечным у гісторыі паветраных перавозак.

Хаця колькасць пасажыраў павялічылася ў некалькі разоў, колькасць загінулых у выніку авіякатастроф упала да ніжэйшай адзнакі, паведаміла 1 студзеня dpa са спасылкай на дадзеныя шэрагу профільных арганізацыяў.

«Статыстычная верагоднасць загінуць у выніку авіякатастрофы ў 1970-я гады была роўная 1: 264 000, а ў мінулым годзе – каля 1: 127 500 000», – цытуе агенцтва, у прыватнасці, заяву Федэральнага аб’яднання паветранага транспарту Нямеччыны (BdL).

За год загінула 67 асобаў

Паводле абʼяднання, у сённяшнія дні палёты ў 482 разы больш бяспечныя, чым у 1970-я гады. Даследчыкі з арганізацыі «Aviation Safety Network» паведамілі, што ў 2017 годзе ў свеце адбыліся дзевяць авіякатастроф з чалавечымі ахвярамі, у выніку якіх загінулі ў агульнай складанасці 67 асобаў, што зʼяўляецца самым нізкім паказчыкам у гісторыі паветраных перавозак. З іх 32 асобы загінулі на борце паветраных судоў, яшчэ 35 – на зямлі. Пры гэтым у статыстыцы не ўлічваліся крушэнні ваенных самалётаў, а таксама малых самалётаў умяшчальнасцю менш за 14 пасажыраў.

Разам з тым гэтыя лічбы нельга лічыць сведчаннем таго, што авіяперавозкі сталі абсалютна бяспечнымі, заўважаюць у «Aviation Safety Network». У 2017 годзе, як і раней, здараліся небяспечныя інцыдэнты, і толькі шчаслівы збег абставінаў дазволіў пазбегнуць катастрофаў, адзначаюць эксперты. Акрамя гэтага, у 2017 годзе станавіліся ўсё больш відавочнымі новыя небяспекі, якія пагражаюць авіяцыі, перш за ўсё кіберзлачыннасць, звяртаюць увагу ў арганізацыі.

Пры гэта абʼём пасажырскіх перавозак, паводле «Aviation Safety Network», летась склаў больш за 3,7 млрд пасажыраў. У сваю чаргу спецыялізаваная ўстанова ААН – Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) мяркуе, што гэты паказчык перавысіў 4 млрд асобаў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў