Паралакс: Не страціць твар


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

У сямідзясятую гадавіну высадкі саюзнікаў у Францыі прыгадваем, як ледзь не быў змарнаваны самы вядомы здымак той аперацыі.

Трыццацігадовы Капа, за плячыма якога была Грамадзянская вайна ў Гішпаніі, быў адным з 18 фатографаў, якім амерыканскае войска дазволіла здымаць падрыхтоўку да высадкі саюзнікаў у Еўропе, і адным з двух, хто быў поплеч з жаўнерамі падчас высадкі.

Дасведчаны рэпарцёр, відаць, не ўсведамляў, на што ідзе, бо перад адпраўкай дэсанту набыў сабе ў Лондане даражэзны дажджавік ад «Бэрбэры» («Burberry») і быў, паводле ягоных словаў, самым элегантным вызваленцам на ўсім узбярэжжы. У адрозненні ад марпехаў, фатографы на вайне могуць выбіраць, калі ім памерці. Капа не вагаўся ні хвіліны. Перад тым, як сесці ў першы човен, які яшчэ да світанку адправіўся ў бок французскага берагу, Капа напісаў развітальны ліст маці ды брату.

На дзіва, багатае сняданне не лезла ў горла. Баржа, залітая напалову марской вадой, напалову – ванітамі, у начной цемры падплывае да пляжы Оўмаха. Нямецкія кулямёты прачынаюцца і пачынаюць дзіравіць першы атрад жаўнераў. Паўсюль лётае курынае пер’е з прабітых вайсковых пухавікоў. З трыма фотаапаратамі, па шыю ў вадзе, Капа развітваецца з «Бэрбэры», перабягае ад заслоны да заслоны, мяняе стужкі ў камерах проста пад аскепкамі снарадаў, і цудам застаецца жывым – адзіны са свайго дэсантнага чоўна.



У сваіх успамінах пра Другую сусветную будучы заснавальнік агенцыі «Magnum» піша, што другі фатограф не сышоў нават з карабля, з якога і рабіў свае сенсацыйныя здымкі. Рэпартаж Капы быў прызнаны лепшым матэрыялам пра аперацыю ў Нармандыі, нават нягледзячы на тое, што супрацоўнік лабараторыі падчас прасушкі так хваляваўся, што перагрэў негатывы. Эмульсія паплыла прама на вачах лонданскай рэдакцыі «Life». Са ста шасці фатаграфій выратавалі толькі восем. Размытыя з-за перагрэву адбіткі рэдакцыя патлумачыла чытачам тым, што ў фатографа трэсліся рукі.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў