«Дасягненні» звольненага экс-міністра Алега Праляскоўскага


Медыяэкспеарты пра былога міністра інфармацыі: зачысціў незалежныя СМІ, распрацаваў сістэму пакаранняў для прэсы, узмацніў цэнзуру ў беларускай медыяпрасторы.

Сёння наглядчык за беларускімі СМІ быў вызвалены ад пасады міністра інфармацыі. Пра што паведаміла ў прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Медыяэксперты і прадстаўнікі журналісцкай супольнасці пакуль ламаюць галовы і не могуць назваць прычыны адстаўкі Праляскоўскага з пасады міністра інфармацыі.

Разам з тым яны зазначаюць: падчас яго знаходжання на міністэрскай пасадзе пачаў дзейнічаць новы закон аб СМІ, які зрабіў больш жорсткім парадак працы мас-медыя.

У лютым гэтага года міжнародная праваабарончая арганізацыя «Індэкс цэнзуры» назвала Беларусь краінай “з адным з найбольш рэпрэсіўных медыяландшафтаў у Еўропе».

Старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў” Жанне Літвіной «цяжка ўспомніць нешта добрае», звязанае з працай звольненага міністра інфармацыі.

«У апошнія пяць гадоў мы бачылі жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне медыяпрасторы. Міністэрства інфармацыі, у тым ліку кіраўнік міністэрства, былі ўвасабленнем і носьбітам гэтай дзяржаўнай палітыкі», — сказала яна ў каментарыі БелаПАН.

Літвіна нагадала закрыццё «Аўтарадыё» пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, іскі аб закрыцці газет «Наша ніва» і «Народная воля», пазбаўленне ліцэнзіі выдавецтва «Логвінаў».

У сваю чаргу медыяэксперт Павел Быкоўскі нагадаў пра адно з першых інтэрв’ю Праляскоўскага на пасадзе міністра інфармацыі.

«Было вельмі цікавае яго інтэрв’ю газеце «7 дней», у якім ён расказаў, што працаваў у службе бяспекі прэзідэнта і займаўся маніторынгам СМІ, шукаў там усякую пагрозу для першай асобы. Гэтае інтэрв’ю адразу ж паказала: чалавек, які ў журналістах шукаў пагрозу, будзе займацца рэгуляваннем і кантролем сферы СМІ. Таму нават самая бяскрыўдная заўвага Праляскоўскага аб зменах у гэтай сферы вельмі часта ўспрымалася як нешта жудаснае. Ніякіх паляпшэнняў у сферы СМІ, большай свабоды падчас яго праўлення не назіралася», — зазначыў Быкоўскі.



«Менавіта пры Праляскоўскім у нас практычна не з’яўлялася новых СМІ
, — канстатаваў эксперт — Гісторыя з забаронай «Беларускай асацыяцыі журналістаў» выдаваць фрылансерам пасведчанні журналіста таксама здарылася ў яго час (фрылансеры, якія паводле беларускіх законаў не лічацца журналістамі, карысталіся пасведчаннем БАЖ, каб даказаць сваю прыналежнасць да журналісцкага цэха)».

Быкоўскі звярнуў увагу на тое, што апошнім часам усе ініцыятывы Міністэрства інфармацыі зыходзілі ў асноўным ад намеснікаў Праляскоўскага. «Гэта дае падставу меркаваць, што сітуацыя пасля адстаўкі міністра, хутчэй за ўсё, не моцна зменіцца, усё будзе рухацца ў тым жа кірунку», — прагназуе медыяэксперт.

Алег Праляскоўскі вызвалены ад пасады міністра інфармацыі без падавання прычынаў звальнення. На пасадзе міністра інфармацыі Праляскоўскі працаваў чатыры з паловай гады.

ЮВ, belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў