Барак Оўбама: выбар Пятра Парашэнкі – «мудры выбар у цяжкі пераходны перыяд»


Выбар Пятра Парашэнкі – «мудры выбар у цяжкі пераходны перыяд», – сказаў Барак Оўбама пасля сустрэчы з абраным прэзідэнтам Украіны.

Лідары сустрэліся ў Варшаве, дзе абмеркавалі магчымасці аднаўлення міру ва Украіне, магчымы ўдзел ЗША ў падрыхтоўцы ўкраінскіх сілавікоў і эканамічнай дапамогі. Оўбама дадаў, што палітыкі таксама паразмаўлялі пра патэнцыял для зніжэння энергетычнай залежнасці Украіны ад Расеі. Пятро Парашэнка 7 чэрвеня афіцыйна стане прэзідэнтам Украіны. На інаўгурацыю новага кіраўніка Украіны запрасілі Аляксандра Лукашэнку. Расейскі прэзідэнт на цырымонію не прыедзе.

На Замкавай плошчы ў Варшаве пачынаецца афіцыйнае ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю свабодных выбараў у Польшчы, дзе прэзідэнты Польшчы і ЗША падчас цырымоніі выступяць з прамовай. У польскай сталіцы ўзмоцненыя захады бяспекі.

Візіт амерыканскага прэзідэнта ў Польшчу даволі нетыповы. У свой другі прыезд у польскую сталіцу Оўбама, як кажуць, выйшаў у народ: папарацы падлавілі яго ў рэстаране з бургерамі, а таксама на трэнавальнай зале гатэлю «Marriott» . Амерыканскія медыі пішуць пра Оўбаму як пра «самага спартовага прэзідэнта ЗША». Амаль 53-гадовы лідар часта падкрэслівае, што трэнуецца да 6 разоў на тыдзень.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў