Сабакі прайшлі парадам, каб знайсці сабе дом


Дзесяць дварнякоў з гарадзенскага пункту часовага ўтрымання жывёлінаў разам з валанцёрамі прашпацыравалі па галоўнай гарадской вуліцы ў межах акцыі “Зрабі крок насустрач дабру”.

Жывёлы са сваймі часовымі апекунамі выйшлі ў цэнтр гораду, каб знайсці сабе новых гаспадароў. Аднак плённых вынікаў акцыя не прынесла: забралі толькі аднаго шчанюка, а яшчэ двух падкінулі валанцёрам. Удалося сабраць толькі сто ампулаў вакцыны.

Як распавяла валанцёр пункту часовага ўтрымання жывёлінаў і студэнтка Паліна Трыпуць “мэтай акцыі было прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы. Колькасць бадзячых жывёлінаў увесь час павялічваецца, шмат з іх забіваюць, яны церпяць на вуліцах і паміраюць ад голаду, здзекаў падлеткаў ці іншых людзей, іх забіваюць адмыслова”.

{movie}Сабакі прайшлі парадам, каб знайсці сабе дом |right|16804{/movie}

Зараз там перабываюць каля 50 сабак, 2 кошкі і 7 кацянятаў. Сюды яны трапляюць пераважна пасля адлову працаўнікамі “Спецаўтагаспадаркі”. Колькасць пастаянна змяняецца: знаходзяць новых бадзячых, кагосьці забіраюць дадому або нараджаюцца малыя шчанюкі ці кацяняты.

Клапоцяцца пра больш чым паўсотні бяздомных істотаў 15 валанцёраў – у большасці жанчыны. Кожны з добраахвотнікаў раз на тыдзень прыходзіць вывесці сабак па чарзе на шпацыр, што займае часам цэлы дзень. Адмысловага спонсара, які б падтрымліваў такую ініцыятыву фінансава, няма. Дапамагаюць звычайныя людзі, сябры валанцёраў. Такіх ахвяраванняў хапае на неабходны мінімум: харчаванне, лекі ды паліва, каб завезці сабаку ў ветэрынарную лякарню.

“Сёння кожны мае і “свабодныя грошы”, і вольны час, і можа хоць чымсьці дапамагчы. Аднак людзі больш грошай выдаткоўваюць на пародзістых сабак ці каб зладзіць выставу. Гэта канешне таксама добрая справа, але адначасова паміраюць тыя, хто патрабуе большай дапамогі – дварнякі”, – разважае валанцёрка Паліна.

Дарэчы, і ў пункт часовага ўтрымання жывёлінаў трапляюць пародзістыя сабакі, бадай, што іх выкідаюць на вуліцу гаспадары. Валанцёрка мяркуе, што справа не ў грошах, а ў вобразе мыслення людзей.

“Нядаўна ў нас была чыстая аўчарка, бачна, што выдрэсіраваныя, з дарагім ашыйнікам. Мы спрабавалі знайсці ўласнікаў: расклейвалі абвесткі, давалі аб’явы на радыё, інфармацыю па тэлебачанні бягучым радком. Але ж за два тыдні ніхто не адгукнуўся. Сабаку, хіба што, проста выкінулі на вуліцу, а яна месца сабе не знаходзіла, так тужыла па гаспадарах”, – расказвае Паліна.

Валанцёры ўпэўненыя, што на вуліцах сёння памірае мноства жывёлінаў, але мяркуюць, што нават прыкладную лічбу назваць цяжка.

У Горадні гэта не адзінае месца, дзе апякуюцца жывёламі. Існуе яшчэ прытулак пры грамадскім аб’яднанні “Адданае сэрца”. Калі “Спецаўтагаспадарка” – гэта дзяржаўная арганізацыя, то “Адданае сэрца” – грамадская. Як распавёў валанцёр “Адданага сэрца” Дзмітрый Кабыляк, розніца і ў тым, што ў пункце ўтрымання пры “САГ” катоў ды сабак трымаюць нядоўга. Калі яны паводзяць сябе агрэсіўна, іх усыпляюць. У прытулку ж даглядаюць, пакуль іх не забяруць новыя гаспадары.

А дзейнасць і мэты ў дзвюх арганізацый падобныя: дапамагчы выжыць бяздомным істотам. У прытулку “Адданага сэрца” зараз гадуюцца 35 сабак і каля 60 катоў. Добраахвотна працуюць у ім 17 чалавек. Валанцёры абедзвюх арганізацый карыстаюцца адным рахункам, але акцыі, кшталту сённяшняй, ладзяць асобна адна ад адной.

Настасся Фрода

Стужка навінаў