Бясплатныя курсы «Мова нанова» збіраюць адначасова каля 500 чалавек


Апошнія сур’ёзныя заняткі ў гэтым сезоне следам за курсамі «Мова ці кава» правёў праект «Мова нанова». На наступны раз арганізатары запланавалі выпускны. Тэму для апошняга ўроку абралі светлую і неабсяжную – беларускія казкі.

Арганізатар курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка кажа: «Яна не менш важная за тыя сур’ёзныя тэмы, якія мы бралі раней: медыцына, адукацыя, адпачынак, спорт. Але, як высветлілася, нашыя казкі – самыя казкі. У нас каля 500 розных сюжэтаў, у расейцаў – каля 100, ува ўкраінцаў – 150. Такі падлік даследчыкаў. Я сам пра гэта толькі даведаўся, калі мы рыхтавалі сённяшнія заняткі».
{movie}Агляд падзеяў культуры|right|16794{/movie}
Казкі для ахвотных вывучаць мову прынеслі вядомыя казачнікі – Алена Масла і Сяржук Мінскевіч. Кожны наведнік атрымаў раздрукоўку з граматычнаю часткаю занятку, у памяшканні галерэі «У нескладовае» адбывалася яшчэ і спеўная, кіраваў хорам навучэнцаў «Мова нанова» гурт «Вурай».

Выканалі тут і калыханку на словы Генадзя Бураўкіна, каб ушанаваць памяць беларускага класіка. Адмысловым падарункам для наведнікаў стала лямцавая батлейка «Мама Му чытае і прыбірае» паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр.

Казачніца Алена Масла мяркуе: «Нават самай лепшай кнізе патрэбная папулярызацыя. З дапамогаю тэатрыка, лямцавай батлейкі, кніга вельмі хутка папулярызуецца. Тэатрык дадае ёй жывых вобразаў».

Курсы «Мова нанова» – сёння самыя шматколькасныя грамадскія ды бясплатныя заняткі па беларускай мове, яны праводзяцца па панядзелках у 8-мі гарадах і збіраюць адначасова каля паўтысячы наведнікаў.

Іншыя тэмы: Ігар Бабкоў – лаўрэат прэміі Гедройца–2014. Пётр Клюеў запісаў песню на невядомы верш Генадзя Бураўкіна «Асцярожна, лістапад» – у памяць пра паэта. Оперны тэатр рыхтуецца да прэм’еры «Пікавай дамы».

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў