Украіна падае на Расею ў суд за анексію Крыму


Кіеў будзе судзіцца з Масквою на суму амаль $ 85 млрд за незаконны захоп і рабаванне Украіны.

Пра гэта прэм’ер Арсеній Яцэнюк распавёў у аўторак у парламенце, адказваючы на пытанні дэпутатаў. Паводле прэм’ера, Украіна ўжо падала два пазовы ў Еўрапейскі суд правоў чалавека непасрэдна аб анексіі Крыму і адказнасці Расеі перад Украінаю.

«Мы рыхтуем дадаткова іншыя пазовы – у тым ліку і ў органы дзяржаўнай улады і кіравання Расеі за незаконны захоп і рабаванне Украіны. За гэта прыйдзецца адказваць. Мы ўсведамляем, што такія судовыя працэсы не праходзяць за месяц, але такія працэсы будуць мець вынік», – упэўнены Яцэнюк.

Раней міністр юстыцыі Паўло Пятрэнка распавёў, што агулам страты Украіны ад анексіі Крыму ўжо складаюць 17 тамоў і больш за 1 трлн грыўняў ($ 83,4 млрд.).

На пачатку красавіка журналісты медыя-холдынгу «РосБизнесКонсалтинг» (РБК) падлічылі, што расейскі рынак ужо тады заплаціў за далучэнне паўвострава $ 179 млрд. У гэтую суму яны ўключылі адток капіталу, які паводле Нацыянальнага даследчага ўніверсітэту «Вышэйшая школа эканомікі» склаў $ 33,5 млрд, і падзенне капіталізацыі айчынных кампаніяў на $ 82,7 млрд на радзіме і $ 62,8 млрд у Лондане (паводле падлікаў кампаніі «Альфа-капитал»).

АК, belsat.eu, паводле pravda.com.ua, rbc.ru

Стужка навінаў