STARавіны. «Не хадзі ж ты голая» ды іншыя п'есы


Сталыя чытачы ведаюць, што на старонках сайту былі мае эсэ, прысвечаныя кінематографу, музычнаму і пеўчаму мастацтву. Засталося напісаць пра тэатр, і мы будзем мець паўнейшую карціну культурнага жыцця грамадства Беларусі пачатку ХХ стагоддзя.

Найбольш цікавы і сістэматычны матэрыял захаваўся ў газеце «Могилёвский вестник», а таму большасць прыкладаў будзе пра Магілёў. Але можаце мне верыць, што рэпертуары іншых тэатраў Беларусі ў жанрах і тэматыцы мала чым розніліся, а названыя ніжэй трупы былі гасцямі і іншых беларускіх гарадоў.

У студзені 1913 года Магілёўскі гарадскі тэатр (дырэкцыя Г. Неўскага) даваў аперэты першага паўдзённага таварыства аперэтачных артыстаў «Тайны гарэму» і «Ноч кахання». Аматары сцэнічнага мастацтва паставілі драму ў трох дзеях Фёдара Карэева «Ракавы крок» і камедыю – фарс Мердэра (Сяверына) «Сямейнае шчасце» («Супружеское счастье»). Да 75-годдзя з дня смерці Аляксандра Пушкіна ў лютым можна было паглядзець драму «Барыс Гадуноў».

З 16 красавіка 1913 года ў магілёўскім тэатры адбыліся гастролі драматычнай трупы Уладзіміра Кумельскага. У трупе былі вядомыя магілёўцам артысты М. Тамілін і С. Мельнікаў. Яна паказала п’есы «Дваранскае гняздо», «Без віны вінаватыя», «Паненка з фіялкамі», «Грэх Евы», «Пакаранне» («Казнь») і інш. З 27 красавіка на пяць спектакляў збіралася прыехаць трупа Каршэўскага. У гэтым жа месяцы ішла опера ў чатырох дзеях «Кармэн» Жоржа Бізэ, чакаліся трохдзённыя выступы артыста імператарскіх тэатраў Мар’юса Пэтыпа. Падчас першай гастролі абяцалі паказаць камедыю «Мадам Сан-Жэн» і драму-эцюд «Смерць імператара Напалеона на востраве святой Алены», падчас другой – камедыю «Гувернёр», на трэцяй – «Дон Жуана».

15 ліпеня 1912 года ў Берасці ў тэатры Шапавалава давалі салонную камедыю ў чатырох дзеяннях «Гульня ў каханне», а 17 ліпеня – гвозд сезону тэатру Сабурава, пікантны фарс «Не хадзі ж ты голая». Пра гэта пісала газета «Наш край». 17 ліпеня 1913 года тэатр Шустэра паказваў драму ў чатырох дзеях «Парабкі» («Батраки») літаратара Кастэнкі. У Горадні трупа баранесы Разэн гарадскога тэатру ў кастрычніку 1912 года адкрыла сезон п’есаю Каршэўскага «Старэчая любоў».

Ішло станаўленне беларускага нацыянальнага тэатру. Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні ладзіў спектаклі на беларускай мове. Напрыклад, у лістападзе 1912 года паставілі «У зімовы вечар» Ажэшкі ды «Мядзведзь» Чэхава, пра што паведамляла «Наша ніва». У Горадні з восені 1909 года пачаў працу гурток беларускай моладзі, пры якім існаваў першы ў Заходняй Беларусі беларускі тэатр. У гэты час паўставала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Пра гэтыя падзеі можна прачытаць у газеце «Наша Ніва» за 1910–1914 гады.

Вячаслаў Швед, belsat.eu

Стужка навінаў