Кароль Іспаніі зрокся трона. Некалі ён папрасіў заткнуцца сябра Лукашэнкі


Кароль Іспаніі Хуан Карлас выступіў са зваротам да краіны і падпісаў акт адрачэння, перадаўшы трон сыну, наследнаму прынцу Філіпу.



У тэлевізійным звароце кароль патлумачыў, чаму ён прыняў гэтае рашэнне. Паводле яго, настаў час перадаць стырно праўлення маладому, энергічнаму пакаленню, здольнаму ажыццявіць патрэбныя ў краіне рэформы. Ён дадаў, што ягоны сын цалкам гатовы да таго, каб стаць каралём.

76-гадовы Хуан Карлас I дэ Бурбон быў іспанскім манархам з 1975 года. Да яго іспанскі трон пуставаў амаль трыццаць гадоў: іспанскі дыктатар генерал Франка аднавіў манархію ў 1947 годзе, аднак першы кароль – абраны ім Хуан Карлас – змог узысці на трон толькі пасля смерці генерала.

140602120432__75243133_75243132

Малады Хуан Карлас і дыктатар Франка. Фота bbc.co.uk

У Іспаніі было шмат незадаволеных каралём

Паводле канстытуцыі Іспаніі, кароль – кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы, аднак рэальная ўлада належыць парламенту і ўраду.

Карэспандэнты «Бі-Бі-Сі» паведамляюць, што, нягледзячы на высокую папулярнасць самога караля Хуана Карласа ўва ўсім свеце, у Іспаніі ў апошні час расла незадаволенасць манархіяй у сувязі з карупцыйнымі скандаламі, у якія былі замяшаныя дачка караля са сваім мужам.

Шмат якія іспанцы наракалі, калі высветлілася, што кароль адправіўся на паляванне на сланоў ў Батсване ў момант найцяжэйшага фінансавага крызісу ў краіне.

Шмат хто думаў, што кароль будзе дыктатарам

Хуан Карлас нямала зрабіў дзеля мірнай эвалюцыі краіны ад дыктатуры да дэмакратыі пасля смерці генерала Франка.

Калі кароль пераняў у яго стырно праўлення, шмат якія прыхільнікі дыктатара меркавалі, што Хуан Карлас будзе аўтарытарным лідарам. Аднак кароль вельмі хутка паклаў канец гэтаму, абвесціўшы, што ў краіне ствараецца канстытуцыйная манархія, у рамках якой кароль будзе мець пераважна прадстаўнічую ролю.

З гадамі кароль усё менш актыўна ўмешваўся ў палітыку дзяржавы, хоць ягоная роля ў стабілізаванні сітуацыі пры абмеркаванні праблем аўтаноміі Каталоніі і краіны баскаў была вельмі вялікая. Ён дапамог таксама ўраду справіцца са спробай вайсковага перавароту ў 1981 годзе.

Папрасіў дыктатара заткнуцца

У 2007 годзе падчас прамовы прэм’ер-міністра Іспаніі Хасэ Луіса Сапатэра на Ібера-Амерыканскай сустрэчы на вышэйшым узроўні ў Сант’яга (Чылі) адбыўся інцыдэнт: Хуан Карлас I прапанаваў прэзідэнту Венесуэлы і сябру кіраўніка Беларусі Угу Чавэсу «заткнуцца». Хутка гэтая фраза стала інтэрнэт-мемам.

Аптымальны момант для пераменаў

Прынц Філіп Астурыйскі ды ягоная жонка прынцэса Летыцыя апошнімі месяцамі ўсё часцей з’яўляліся на людзях. Яны маюць нядрэнную славу, бо іх амінулі карупцыйныя скандалы.



Прэм’ер-міністр Іспаніі Мар’яна Рахой Брэй абвесціў, што кароль адрокся ад пасаду з асабістых матываў. Стан яго здароўя пагаршаецца, у апошнія гады яму зрабілі некалькі аперацый на тазасцегнавым суставе (кульшы).

У сваім выступе прэм’ер назваў Хуана Карласа нястомным абаронцам інтарэсаў Іспаніі. «Я перакананы, што цяпер надышоў самы аптымальны момант для пераменаў», – сказаў прэм’ер.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў