Зразумець Расею


Краінаю кіруюць іншапланетнікі, урад мае дзелавых партнёраў у Пекле, на сталічных будоўлях расчляняюць таджыкскіх гастарбайтэраў і прадаюць на органы, на тэлеэкране – ток-шоу, дзе палітыкі б’юцца ў брудзе. Дзмітрый Глухоўскі, што стаў вядомым пісьменнікам дзякуючы постапакаліптычнаму раману «Метро 2033», у сваіх апавяданнях ды ў інтэрв’ю «Белсату» тлумачыць, што цяпер адбываецца ў Расеі і як зразумець паводзіны нашага ўсходняга суседа.

{movie}Зразумець Расею. Інтэрв’ю з Дзмітрыем Глухоўскім|right|16785{/movie}

Партнёры з Пекла

– Вы прэзентавалі ў Польшчы свой збор апавяданняў „Вітайце ў Расеі” („Witajcie w Rosji”). У апісанні да выдання гаворыцца, што кніга дапаможа еўрапейцам зразумець, што адбываецца ў Расеі. Хаця ў апавяданнях шмат містыфікацыяў і нават дэманізацыя. Хіба гэтак можна зразумець вашую краіну?

– Гэта не новая кніга, у Расеі яна выйшла ў 2010 годзе пад назваю „Рассказы о Родине” і была адносна заўважаная. Прынамсі, пасля выхаду мяне тры разы запрашалі на сустрэчу з прэзидэнтамі. Не асабіста, натуральна, а разам з іншымі пісьменнікамі. Але мне ўсе тры разы атрымалася ўхіліцца. Кніга – пра тое, што з сябе ўяўляе сучасная Расея з усімі сваймі гісторыямі: феадалізмам замест дэмакратыі, з сімуляцыяй выбараў замест выбараў, з залежнасцю ад нафты і газу ды ўсё гэта – у форме палітычнага анекдота.

Кніга пачынаецца з расказу «From Hell», дзе вядзецца пра тое, што «Газпром» здабывае газ і нафту наўпрост з пекла і за гэта «партыі і ўраду» даводзіцца расплочвацца палітыкаю ў дачыненні ўласнага народа і падтрыманнем такіх сяброў, як Паўночная Карэя, Іран. Па просьбе партнёраў з пекла даводзіцца дапамагаць ім ствараць атамную бомбу. Усе гэтыя сябры, дарэчы, нас цяпер падтрымалі ў ААН, вялікі дзякуй ім за гэта. Ну і даецца троху ўтрыраваны партрэт сучаснай Расеі, але – далёка не заўсёды крытычны. Некаторыя рэчы прасякнутыя любоўю і настальгіяй. Але не ў дачыненні да тых людзей, што цяпер кіруюць маёй краінаю.

Рэвалюцыі – кранты

– Чаму сучасная Расея такая, якая ёсць? Быў жа 2012 год, масавыя выступленні на той жа Балотнай плошчы, дзе былі тысячы дэмакратычна-настроеных людзей. З боку падавалася, што змены ў Расеі да лепшага проста непазбежныя. Але гэтага не адбылося.



– Па-першае, было расчараванне ў лідарах пратэсту, якія яго проста злілі і забалталі. Загуляліся ў перамовы з Адміністрацыяй Прэзідэнта, далі сябе ўгаварыць, выкарысталі гэта для асабістага прамоўшэна. І мне падаецца, што калі Ксенія Сабчак і Бажэна Рынска становяцца рупарамі рэвалюцыі – то рэвалюцыі кранты. Гэта проста дыскрэдытацыя любых рэвалюцыйных ці дэмакратычных ідэяў. Горш за Навадворскую. Далей Пуцін згуляў вельмі ўмела – «здуў» усё гэта, даў людзям «выпусціць пару» і далей працягнуў «закручваць гайкі». Лідары пратэсту паказалі, што яны няздольныя весці людзей за сабою і ні ў ва што гэтыя пратэсты не канвертавалі. Не дамагліся ні дыялогу, ні мінімальных дэмакратычных зменаў, ні зменаў у выніках выбараў, Чараўнік Чураў (старшыня расейскага ЦВК – belsat.eu) працягнуў сваю магію. Людзі стаміліся і расчараваліся. Я шэсць разоў хадзіў на тыя мітынгі. А што цяпер адбываецца? Апазіцыйна настроеныя людзі, хоць і расчараваліся ў дэманстрацыях, як у спосабе выражэння свайго пункту гледжання, нікуды не падзеліся.

Спецаперацыя «Крым»

У гісторыі з Крымам Пуціну, Валодзіну і ўсім рабятам удалося зладзіць проста цудоўную аперацыю прыкрыцця і адцягвання ўвагі. Проста паводле падручнікаў спецслужбаў. Пераключылі ўвагу з важных пытанняў, кшталту, чаму рубель упаў на 20 %, чаму ў нас у краіне, хоць кошты на нафту асабліва не падаюць, намячаецца негатыўны рост эканомікі. Ці будзе ў стане Урад з выдаткамі ў $ 50 млрд на Алімпіяду гарантаваць выплату па сацыяльных абавязках перад народам. Ну і старыя пытанні: чаму вядучыя галіны эканомікі «распіханыя па кішэнях» сяброў Уладзіміра Уладзіміравіча па школе, па татамі, інстытуту, кааператыву «Озеро». Чаму менавіта гэтыя людзі? Чаму Якунін «асвойвае» Расейскую чыгунку, чаму Ратэнберг выдае школьныя падручнікі, Кавальчукам належаць тэлеканалы. Шмат пытанняў. Але хто іх будзе задаваць, калі Пуцін вярнуў Расеі Крым? Хоць я і заўсёды спрачаюся на гэты конт, нават са сваймі сябрамі, што раптоўна прасякнуліся энтузіязмам.

Крым ніколі не быў на павестцы дня апошнія 20 гадоў. Ніхто з расейцаў не ездзіў туды адпачываць і нікога туды асабліва не цягнула. Ну, вядома, трошку шчаміла ў душы, што Хрушчоў аддаў, але нават Жырыноўскі пра гэта не казаў. Гастарбайтэраў трэба выкінуць – вось пра гэта казалі, а ў справе Крыму нават рот ніхто не адкрываў. І раптам усім патрэбны Крым. І раптам нацыянальны трыумф, што яго вярнулі. Шчасце на вачах. Пуцін гаворыць прамову. Георгіеўская стужка. Крэмль. З нейкім рэндамным чуваком у швэдэры падпісваюць дамову аб вяртанні. Чувак адразу знікае. Нейкая падстаўная гісторыя, але ўсе плачуць ад шчасця, нават апазіцыйная „Левада-Цэнтр” дае 82 % падтрымання… Геніяльная аперацыя! Ніхто больш не гаворыць пра карупцыю, пра тое, што рубель абясцэніўся, пра тое, што быў перарасход і крадзяжы ў Алімпіядзе. Усе плачуць ад шчасця.

Імперскі дэман

– …і гавораць, што ва Украіне – адныя нацысты-фашысты і гомасексуалісты.

Нельга дапусціць, каб братэрская краіна ўзяла б і раптам сталася Еўропаю! Бо тады людзі запытаюць: а можа і ў нас так можна? Нельга дапусціць і думкі ў расейцаў, што прэзідэнта можна зрынуць, як ва Украіне.

– Вядома! А Канчыта Вурст – новы прэзідэнт Еўразвязу. Як гэта атрымалася? Таму што імперскі комплекс і настальгія па вялікадзяржаўнаму мінуламу ёсць у кожнага расейца. Усе сумуюць па адчуванню сябе часткаю велізарнай дзяржавы, якой баяліся і паважалі. А ў расейскай мове часта блытаюць гэтыя паняткі. Жаданне ізноў стаць паважанаю дзяржаваю – гэта падаўлены «дэман», што можа прачнуцца, ён ёсць бадай у кожным рускім чалавеку. Прынамсі, у тых 82 %. Забіраючы Крым, Пуцін вырашае ўсе свае праблемы. Праблему, што сітуацыю ў Расеі будуць параўноўваць з сітуацыяй ва Украіне, якая б, калі б усё было нармальна, пайшла ў кірунку Еўразвязу і можа быць стала б квітнеючаю еўрапейскаю дзяржаваю. А гэтага ж нельга ні ў якім выпадку дапусціць! Бо ўкраінцы і расейцы ўвесь час параўноваюць – каму лепш жывецца. То украінцы хочуць да Пуціна, то расейцы гавораць, што ў Кіеве больш свабоды. Таму нельга дапусціць, каб братэрская краіна ўзяла б і раптам сталася Еўропаю! Бо тады людзі запытаюць: а можа і ў нас так можна?



– Зразумела, што расейцы апынуліся ў прапагандысцкай блакадзе. Але кожны можа зайсці ў інтэрнэт і можа знайсці незалежныя крыніцы інфармацыі, у тым ліку на расейскай мове. Можа прасцей адчуваць сябе імперыяй і мець ярка намаляванага ворага?



– Калі б не было псіхалагічнага попыту на гэта, нейкага адчування, што чагосьці бракуе – хочацца адчуваць сябе імперыяй, то не было б гэтага нервовага цэнтра, у які Пуцін так трапна пацэліў. У любой дзяржавы, што была імперыяй, ад венграў да брытанцаў, ёсць такі комплекс – нават італьянцы дагэтуль камплексуюць, хоць былі імперыяй 2000 гадоў таму. У Расеі гэта свежыя раны. І Уладзімір Уладзіміравіч уцёр у іх трошку солі. І атрымалася – 82 % падтрымання. Чаму людзі не шукаюць незалежнай інфармацыі? Адказ просты: чалавек – эмацыйная істота. Памылкова меркаваць, што людзі шукаюць інфармацыю, прымаюць узважаныя рашэнні і дзейнічаюць на іх аснове. Людзі спачатку фармуюць эмацыйную пазіцыю – „я так адчуваю”. Гэтак і галасуюць „сэрцам” – заўсёды і паўсюль. Нават у нуднай Еўропе, нават шведы. Пасля сфармаванай эмацыйнай пазіцыі любая інфармацыя, што да мяне паступае, праходзіць фільтр: уся інфармацыя, што супярэчыць перакананням, адсякаецца як хлуслівая, як варожая прапаганда і г.д...

Ці хочуць рускія вайны?

-…тое, што мы бачым цяпер у дачыненні Украіны. У Беларусі ў 2010 годзе таксама былі масавыя выступленні, але яны не скончыліся так сама, як ва Украіне на Майдане. Калі б Беларусь атрымала іншы сцэнар і ў Лукашэнкі былі б большыя праблемы, як напрыклад у Януковіча, які «знік» недзе ў Расеі… Ці беларусы таксама сталі для расейскай прапаганды „бандэраўцамі” і „фашыстамі”?

У людзей вельмі кароткая памяць. У людзей, якія глядзяць тэлевізар, памяць як у акварыўмнай рыбкі. 6 секундаў. Тое, што паказваюць цяпер, яны памятаюць, а назаўтра начыста забываюць.

– Тэлевізар – гэта чароўнае шкло, якое можа што заўгодна пераўтварыць ва што заўгодна. Тое, што сёння паказваюць расейскія тэлеканалы, не мае ніякага дачынення да рэальнасці. Тое, што робяць мае былыя калегі на расейскім тэлебачанне – гэта сапраўдная магія. Ніякага дачынення паміж рэальнасцю і тэлевізійнаю карцінкаю няма. Людзі згодныя, каб ім гадзілі ў мозг, гатовыя верыць ва ўсё. Я цудоўна разумею матывацыю Пуціна і не лічу, што тыя, хто вінаваціць яго ў вар’яцтве, маюць рацыю. Ён рабіў усё дакладна, разлічана і рацыянальна. Рызыкоўная гульня, якая пакуль апраўдвае сябе. А журналісты, якія спрабавалі балансаваць паміж сумленнем і грошамі, цяпер абсалютна забыліся на сумленне і зачытваюць «падводкі» і тэксты пра «загады злачыннай хунты»… Якая хунта? Гэта дэпутаты Парламенту, законна абраныя.

Пра «цімашэнкаўцаў» гавораць: прыйшлі да ўлады нацысты. У Кіеве да ўлады прыйшла Цімашэнка – папуліст, такі ж злодзей, як і іншыя, але ніякі не нацыст, не „бандэравец”. В.а. Прэзідэнта быў ейны, чальцы ўраду – ейныя, ну і пару хлапцоў з Майдану да кучы. Але ўсе людзі, што прымаюць рашэнні – людзі з «Бацькаўшчыны». Навошта казаць што цяпер фашысты ва ўладзе? Гэтую тысячу чалавек, што ходзяць па вуліцы з усіх ракурсаў знялі і цяпер гавораць: прабяжыцеся яшчэ разік з паходнямі, бо нам для 1-га каналу «карцінкі» бракуе. І яны яшчэ разік прабегліся. Трэба здымаць як мага больш «фантастычных фільмаў», каб людзі былі занятыя іх праглядам і не задавалі ўвогуле ніякіх пытанняў, каб ім памяць адбіць. «Крывавы Майдан»? Два месяцы стаялі мірна, ні кроплі крыві не пралілі, ідэальная арганізацыя. Правакатары і гопнікі, якіх натраўліваў на іх Януковіч, былі ізаляваныя.



У людзей вельмі кароткая памяць. У людзей, якія глядзяць тэлевізар, памяць як у акварыўмнай рыбкі. 6 секундаў. Тое, што паказваюць цяпер, яны памятаюць, а назаўтра начыста забываюць. Пуцін сказаў: мы не далучым Крым. Праз 2 тыдні далучыў. Ён гаворыць: людзі ў Крыме ў зялёнай форме – не нашыя, а гэта самаабарона. Хоць бачна, што яны экіпіраваныя не горш за амерыканскі спецназ. А праз два тыдні кажа: ладна, гэта былі нашыя людзі.

Для мяне гэта было галоўнае адкрыццё-расчараванне – поўнае аскаціньванне журналістаў, пераўтварэнне іх у прапагандысцкую машыну. Як яны далей будуць з гэтым жыць – для мяне незразумела. Яны пераконваюць самі сябе, што яны на вайне. Але гэтую вайну – яны пачалі. Дапамаглі ёй пачацца. Калі б расейскія медыі не запужвалі адных украінцаў і не настройвалі іх супраць іншых украінцаў – гэтага б не было. Цяпер там льецца кроў, гінуць людзі з абодвух бакоў і цывільнае насельніцтва. І першапачаткова віна – на баку Расеі. Расея гэтую вайну развязала. Каб адцягнуць увагу насельніцтва ад альтэрнатыўных мадэляў развіцця.

«Адчуванне, што краіна – праклятая»

– А як у Расеі могуць адбыцца змены? Ваш постапакаліптычны раман «Метро 2033» выклікае асацыяцыі з 90-мі, калі распаўся Савецкі саюз і для кагосьці гэта было падобна да апакаліпсісу. Няўжо для зменаў Расеі патрэбная чарговая «атамная катастрофа»?

Ці асуджаны рускі народ і іншыя народы, што жывуць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі заўсёды быць нявольнікамі? Быць ідыётамі, якім вечна прамываюць мазгі? Як скаціна пад транквілізатарамі – да нас так ставяцца.

– Я праціўнік рэвалюцыі. А тыя, хто быў прыхільнікамі рэвалюцыі, кшталту спадара Прылепіна, цяпер вельмі падтрымліваюць Уладзіміра Уладзіміравіча, як і той жа Лімонаў – яны з усіх сілаў змагаюцца з ліберальнаю «пятаю калонаю». З гэтаю малюсенькаю праслойкаю – іх на ўсю краіну 100 тысяч. Але яны цяпер абвешчаныя галоўнымі ворагамі. Як у Стругацкіх – ізгоі, якім галовы баляць ад выпраменьваннікаў, бо яны адзіныя, на каго гэтыя выпраменьваннікі не дзейнічаюць. Таму яны галоўныя ворагі ды іх трэба ўсяляк знішчаць.

У мяне такое адчуванне, што краіна – праклятая. Я чытаю цяпер Бярдзяева – «Рускую ідэю» і ён акурат гаворыць, што велізарны памер Расеі пабуджае яе да імперскай формы, паліцэйскай формы дзяржавы. Інакш як гэта ўтрымаць? Але Амерыка з гэтым дае рады неяк – дэлегуючы ўладу людзям на месцах. Ці кіраўнікам Расеі наканавана вечна быць прыгнятальнікамі свайго народу? Ці наканавана рускаму народу ды іншым народам, што жывуць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі заўсёды быць нявольнікамі? Быць ідыётамі, якім вечна прамываюць мазгі? Як скаціна пад транквілізатарамі – да нас так ставяцца. Павадок, абкалоць транквілізатарамі, каб мы выпадкова загон не знеслі… Я не ведаю. Хацелася б верыць, што не, не асуджаныя. Я думаю, краіна мусіла б ісці зусім у іншым кірунку. У кірунку Заходняй цывілізацыі. Не стаць сатэлітамі Амерыкі – але ёсць эфектыўныя мадэлі – амерыканская, еўрапейская. Апошнія 300 гадоў з часоў перамогі Буржуазнай рэвалюцыі на перыяд свабоды прыходзіўся перыяд квітнення навукі і мастацтва. Вялікія прарывы рабіліся, толькі калі людзі мелі свабоду. І як толькі свабоду забіралі дзеля ўлады – наступала балота, зацішша, стагнацыя.

– Пра гэта вы будзеце пісаць у сваім новым рамане?

Менавіта пра гэта ён і будзе – пра свабоду і нявольніцтва. І пра тое, хто вінаваты ў нявольніцтве. Ці нявольнікі вінаватыя ў нявольніцтве, ці рабаўладальнікі? Часткова віна і нявольнікаў. Нявольнікам падабаецца безадказнасць. Яны баяцца свабоды і баяцца браць адказнасць за сваё жыццё. Таму, хто нарадзіўся ў нявольніцтве, камфортна заставацца ў няволі. Чалавек, што пакаштаваў свабоду і згубіў яе – хоча яе вярнуць. Чалавек, што нарадзіўся ў нявольніцтве, баіцца яе. Я лічу, што мой народ варты свабоды. Варты абіраць сваю будучыню самастойна і не трымацца за балванаў і скатоў.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў