Неабароненае дзяцінства


У Беларусі адзначаюць Дзень абароны дзяцей. Але не ўва ўсіх з іх будзе святочны настрой. Тройчы ўлады парушылі правы магілёўскай сям’і. Усё пачалося з рашэння выселіць з інтэрнату двух малых дзетак ды іхную маці на вуліцу. І чым упарцей сям’я абараняла сваё права на дах над галавою, тым болей чыноўнікі парушалі законы.

{movie}Неабароненае дзяцінства|right|16768{/movie}

Дзіцячы смех – на блакітных экранах, у жыцці ж малыя часта праліваюць слёзы. 8-гадовага Косцю і 3-гадовую Машаньку высяляюць з інтэрнацкага пакою. Узімку хлопец як галоўны ў сям’і прыдумаў развязанне.

КОСЦЯ:
“Пабудуем дом са снегу і будзем жыць”.

Снег растаяў, а праблема засталася. Прычына яе – у новым Жыллёвым кодэксе, з якога прыбралі ўсе ільготы на жыццё ў інтэрнатах.

АЛЕНА БАРЫСАВА, ЮРЫСТКА РЭПу:
“Калі раней з інтэрнату нельга было выселіць пенсіянера, інваліда, самотную маці, яны неяк ахоўваліся заканадаўствам, то цяпер на вуліцы можа апынуцца кожны”.

Закон не абараняе, а чыноўнікі падстаўляюць. Ірыну, што 10 гадоў мела з будаўнічым трэстам № 12 бестэрміновую дамову найму, пераканалі пераехаць у інтэрнат сямейнага тыпу. Дамову ж прапанавалі на год, паабяцаўшы, што ў будучыні праблемаў не ўзнікне. Аднак па сканчэнні тэрміну жанчыне з дзеткамі сказалі выехаць.

ІРЫНА ІЛЬІНСКАЯ, МАЦІ-АДЗІНОЧКА:
“Высяляюць нас на вуліцу. Як гэта так? Проста на вуліцу, без прапановы іншага жытла. Сацыяльна арыентаваная дзяржава клапоціцца пра дзяцей. Дзе гэты клопат? Яго не бачна”.

Тады бачнаю Ірына вырашыла зрабіць самую праблему.

ІРЫНА ІЛЬІНСКАЯ, МАЦІ-АДЗІНОЧКА:
“Менавіта тут, на гэтым месцы мы хацелі правесці пікет у абарону правоў маіх дзяцей і мяне”.

І зрабіць гэта ў шанаваны нашаю дзяржаваю Дзень абароны дзяцей.

АЛЕНА БАРЫСАВА, ЮРЫСТКА РЭПу:
“Аднак адмовілі, бо… нельга ў нас абараняць правы дзіцяці, праводзіць пікеты”.

Нельга рабіць і медыйнага розгаласу. Зайшоўшы ў Ірынін пакой, прадстаўнік будаўнічага трэсту Уладзімір Іваноў гэтак адрэагаваў на жаданне сям’і распавесці праўду нашаму тэлеканалу.

УЛАДЗІМІР ІВАНОЎ, НАМЕСНІК ПА БЫЦЕ, БУДТРЭСТ № 12:
“Навошта вы гэта здымаеце? Я не хачу, каб вы здымалі!”

ІРЫНА ІЛЬІНСКАЯ, МАЦІ-АДЗІНОЧКА:
“Што гэта за кіданне такое ў прысутнасці дзяцей? Што гэта такое?”

Журналісты мусілі выклікаць міліцыю. Але ўчастковы Генадзь Баршчэўскі паведаміў, што нязваным гасцям нічога не будзе.

БАРЫС БУХЕЛЬ, ПРАВААБАРОНЦА:
“Хуліганскае дзеянне прадугледжвае штраф, содні. Таму тут трэба проста напісаць заяву ў міліцыю”.

…На дзеянні прадстаўнікоў якой яшчэ раней Ірына напісала скаргу ў пракуратуру. Яе абурыла, што, не наведаўшы сям’і, участковы засведчыў у дакументах… алкагалізм маці і недагледжанасць дзяцей. Распавяла ж яму пра гэта камендантка інтэрнату. А менавіта яна, як сцвярджаюць суседзі, хоча адабраць квадратныя метры ў сям’і. Мы неаднойчы спрабавалі запытацца, чаму яна лічыць неабходным выселіць Ільінскую, але адказ быў заўсёды адзін.

СВЯТЛАНА МАРОЗАВА, КАМЕНДАНТКА ІНТЭРНАТУ:
“Карацей, я нічога адказваць не збіраюся…”

Апошні шанец не быць выкінутымі на вуліцу ў сям’і яшчэ ёсць. 10 чэрвеня іх справу разгледзіць абласны суд.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў