Безальтэрнатыўны Лябедзька


Старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі на новы тэрмін пераабралі Анатоля Лябедзьку. Адпаведнае рашэнне прынялі дэлегаты шаснаццатага справаздачна-выбарнага з’езду партыі. Палітык быў адзіным кандыдатам на пасаду кіраўніка АГП.

Апрача Лябедзькі на пасаду старшыні таксама прапаноўвалі кандыдатуры Аляксандра Дабравольскага, Васіля Палякова, Генадзя Ананьева, Сяргея Балыкіна, але ўсе яны ўзялі самаадводы.

Паводле намесніка старшыні АГП Льва Марголіна, «у партыі ёсць людзі, гатовыя замяніць Лябедзьку на пасадзе старшыні, але няма людзей, якія хочуць гэта зрабіць цяпер».

Крытычна выказаўся ў дачыненні кіраўніцтва партыі яе сябра Сяргей Балыкін. Паводле яго, у партыі «шмат лозунгаў, але гавораць мала словаў, не гавораць аб праблемах, якія хвалююць простых людзей».

Балыкін мяркуе, што кіраўніцтва партыі «ператвараецца ў вузкае кола людзей, аб’яднаных сваймі інтарэсамі». На ягоную думку, як у саму партыю, гэтак і ў яе кіраўніцтва неабходна больш актыўна прыцягваць новых людзей: «Адзін чалавек не можа вырашыць усіх праблемаў, таму трэба прыцягваць новых людзей. У нашай партыі крызіс, і мы можам страціць не толькі партыю, але і краіну».

Анатоль Лябедзька ўзначальвае Аб’яднаную грамадзянскую партыю з 2000 года.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары