Расея абяцае пакінуць Украіну без газу, калі Кіеў не пагасіць $ 2,5 млрд запазычанасці


Да 14 чэрвеня мае скончыцца антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны. Рашучы ж наступ на сепаратыстаў у Славянску і Луганску чакаецца на пачатку наступнага тыдня – пра гэта паведамляюць украінскія медыі. Але яшчэ раней, ужо ў аўторак, Расея збіраецца прыпыніць экспарт газу ўва Украіну, калі Кіеў не пагасіць двух з паловаю мільярдаў запазычанасці.

Украіна лічыць элементам палітычнага шантажу сённяшнюю цану за расейскі газ. 485 долараў за тысячу кубаметраў Кіеў плаціць не мае намеру і абяцае неадкладна пагасіць частку доўгу, калі Крэмль верне кошты на дакрызісны ўзровень – 268 долараў. Пасля, маўляў, будзем дамаўляцца. Масква такога чуць ня хоча і заяўляе, што і так пастаўляе газ на ільготных умовах.

{movie}Сепарацыйны газ|right|16756{/movie}

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕЙСКАЙ ФЕДЭРАЦЫІ:

“Мы да гэтага часу паставілі ўва Украіну бясплатна аб’ём газу большы, чымся гадавое спажыванне і гадавая пастаўка нашага газу ў такую краіну, як Польшча. Гэта не можа працягвацца бясконца, гэта проста немагчыма”.

Калі да панядзелка “Газпром” не атрымае два з паловаю мільярды доўгу, Кіеў перавядуць на рэжым перадаплаты за газ. То бок фактычна пастаўкі могуць прыпыніць. Украінскі бок збіраецца аспрэчыць рэзкае павышэнне коштаў у Стакгольмскім арбітражным судзе. На гэты час адзіная рэальная саступка з боку Расеі – гэта адвод войскаў ад межаў Украіны. Захад упэўнены: гэта вынік прынятых ім захадаў.

ДЖОН КЕРЫ, ДЗЯРЖСАКРАТАР ЗША:

“Войскі, што былі ля межаў, рухаюцца ў бок Масквы, а не ў бок Кіева. Думаю, усе прызнаюць, што ўведзеныя санкцыі аказалі глыбокі ўплыў на Расею, і поўную цану ім яшчэ прыйдзецца заплаціць. Яна можа быць вышэйшая, калі Расея не знойдзе спосабу стаць канструктыўным партнёрам Украіны”.

Паводле ўкраінскіх сілавікоў, да канструктыўнага партнёрства яшчэ далёка. Хаця кантактаваць з пасланцамі з Расеі даводзіцца няспынна… Цягам усёй ночы памежнікі адбівалі атакі баевікоў з расейскага боку ў Луганскай вобласці. Кіраўніцтва ж антытэрарыстычнай аперацыі дакладае пра поспехі.

МІХАЙЛА КАВАЛЬ, В.А. МІНІСТРА АБАРОНЫ УКРАІНЫ:

“Нашыя ўзброеныя сілы за гэты час выканалі свае заданні ды ачысцілі ад сепаратыстаў паўднёвую і часткова заходнюю частку Данецкай вобласці. А таксама поўнач Луганскай вобласці”.



Сённяшні дзень абышоўся без актыўных баявых дзеянняў з боку ўкраінскага войска. Сепаратысты ж разбіраліся міжсобку. Батальён “Усход”, які складаецца з апальных украінскіх сілавікоў і выхадцаў з каўказскіх расейскіх рэспублік, абвінаваціў прарасейскіх рушэнцаў у марадзёрстве і выгнаў іх з Абласной адміністрацыі.

ДЗЯНІС ПУШЫЛІН, КІРАЎНІК «ДАНЕЦКАЙ РЭСПУБЛІКІ»:

“Будынак зачышчаўся непасрэдна ад усіх абсалютна. Навошта? Бо паступілі сведчанні аб марадзёрстве, пра людзей, што займаліся не зусім слушнай дзейнасцю па начах, а сюды прыходзілі проста адсыпацца”.

Сепаратысты не пакідаюць надзеі пераламаць хаду баявых дзеянняў і адкінуць украінскія войскі з Данеччыны. Але пакуль у Данецку развітваліся з дзясяткамі забітых мясцовых, што змагаліся на баку сепаратыстаў. Таксама вялікую частку целаў вяртаюць на Радзіму – у Расею.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў