Паралакс: Цуд на хакейным кіі


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Гэты здымак амерыканскія выданні друкавалі без подпісу, бо пасля 22 лютага 1980 года не знайшлося б ніводнага, хто не ведаў, што здарылася ў паўфінале Алімпійскага турніру па хакеі.

Другую палову ХХ стагоддзя наймацнейшаю зборнаю свету была савецкая каманда, што гуляла ў «інтэлектуальны» хакей – падмуркам былі камбінацыі, а не сілавыя прыёмы. СССР катком праходзіўся па іншых зборных на сусветных спаборніцтвах: лік часта быў двухзначны, а пераможныя серыі цягнуліся амаль дэкадамі. На Алімпійскіх гульнях у Лэйк-Плэйсідзе савецкай зборнай нават не было з кім змагацца: галоўныя канкурэнты – Чэхаславаччына і Швецыя – былі не ў найлепшай форме, а таварыская сустрэча з амерыканскаю зборнаю напярэдадні гульняў скончылася з лікам 10: 3. Разняволеныя спартоўцы рыхтаваліся да чарговага «золата».

Амерыканская зборная не мела праблемаў з матывацыяй: краіна перажыла ўжо другі нафтавы крызіс, пацярпела паразу ў В’етнаме, пабачыла Ўотэргейт. Да высаджаных нядаўна на Месяцы астранаўтаў амерыканцы хацелі дадаць чарговы аргумент у халоднай вайне – спорт быў адным з франтоў. Сабраць і трэнаваць каманду даручылі таленавітаму Гэрбу Бруксу, псіхалагічныя метады якога сцэментавалі групу зялёных студэнтаў. І менавіта таму «цуд» быў названы цудам: каментатары нават не маглі ўявіць, што гульня дарослых з дзецьмі скончыцца такім чынам.

Важным стымулам для амерыканскіх гульцоў была замена Уладзіслава Трацяка на Уладзіміра Мышкіна пасля другой прапушчанай шайбы. Легендарны брамнік наводзіў на амерыканцаў нейкі жывёльны страх – цяпер яны супакоіліся. Другою рэччу, што дапамагла хлопцам, было неймавернае падтрыманне хатніх трыбунаў. Як вынік – 4: 3, амерыканцы набываюць сцягі гуртом, а Брэжнеў цягнецца па валідол.

На здымку Гайнца Клюэтмаера бачна, як амерыканцы, не чакаючы фінальнае сірэны, кідаюцца да брамніка Джыма Крэйга і вар’яцеюць ад шчасця. Трэнер савецкай зборнай Віктар Ціханаў таксама ледзь не ашалеў – ад злосці, а вось гульцы толькі са здзіўленнем глядзелі на супернікаў: перамогі для СССР былі руцінаю, і расейцы даўно забыліся на тыя эмоцыі, якія цяпер перажывалі амерыканцы.

У 2008 годзе, калі Міжнародная федэрацыя хакею святкавала 100 гадоў, «Цуд на лёдзе» быў названы падзеяй нумар адзін у гісторыі хакею.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары