Ляці, страла, уздоўж сяла!


https://youtu.be/p8PwtGHj38Y
Адзін з самых старажытных і арыгінальных абрадаў Беларусі правялі сёння на Гомельшчыне. У Веткаўскім раёне штогод развітваюцца з вясною, хаваючы “грамавую стралу”, то бок маланку. Але сёлета супраць абраду выступіў мясцовы праваслаўны святар.

Пахаванне стралы – гэта і сімвалічнае развітанне з вясною, і абарона ад розных няшчасцяў, а для незамужніх дзяўчат – яшчэ і магчымасць паваражыць. У вёсцы Пералёўка, што ў Веткаўскім раёне, захаваўся адзін з самых архаічных варыянтаў абраду. Ён складаецца з дзвюх частак: відавочна хрысціянскай – з пераносам з хаты ў хату абраза “Свяча”, і абсалютна народнага закопвання грамавой стралы.

{movie}Ляці, страла, уздоўж сяла! (29.05.14) |right|16732{/movie}

ПЯТРО ЦАЛКА, ФІЛІЯЛ ВЕТКАЎСКАГА МУЗЕЮ:
“Першая частка яго – у хаце, у доме, дзе знаходзіцца гэтая “Свяча”, дзе мы прысутнічаем, якая абярэжная – аберагае ўвесь род і ўсю вёску. І другая частка – гэта калі павядуць стралу хаваці, ляльку хаваці, як яны кажуць, таксама абярэжная функцыя ўсяго роду”.

Вось так, з традыцыйнымі песнямі, жанчыны спачатку ахвяруюць пад абразам свае знічкі. Пасля малітвы ды абеду выходзяць на вуліцу ўсёю вёскаю. У некаторых сёлах на пахаванні стралы водзяць карагоды.

ВОЛЬГА ЛУК’ЯНАВА, ЖЫХАРКА ПЕРАЛЁВАК:
“Як гаворыцца, каб у доме было ўсё нармальна, каб з дзецьмі было ўсё добра”.

Сёлета мясцовы святар практычна забараніў сялянам другую частку абраду – закопваць у полі ахвяру-абярэг ад маланкі і пажару. Абраз жа загадаў занесці ў хату, што часова замяняе царкву. Хаця раней абраз належаў усяму сялу.

КАЦЯРЫНА МАЛАШАНКА, ЖЫХАРКА ПЕРАЛЁВАК:
“З вякоў абрад гэты ідзе. Ад нас і да нас было, і… Пасля нас ужо не будзе, усё. Калі мы ўжо аддаем ікону, значыць, усё. Толькі будзем маліцца ў царкве цяпер”.

Але пакуль перамагае старажытная традыцыя. Жанчыны нагадваюць, што і іншыя святары знойдуцца, калі што. А гэты проста малады, таму і кажа такое…

ВОЛЬГА ЛУК’ЯНАВА, ЖЫХАРКА ПЕРАЛЁВАК:
“Хто пойдзе закапваць стралу, таго прычашчаць я не буду. І не прыходзьце нават. А гэта даўным-даўно, не на нас пачалося, і не на нас скончыцца, няхай як хоча, а ўсё роўна ж мы пойдзем”.

Насамрэч нават у царскія часы сапраўды беларускае пахаванне стралы тут асуджалі яшчэ стараабрадоўцы з Расеі. Абрад выжыў. І як шмат вякоў таму жанчыны з адмысловымі стрэльнымі песнямі ідуць у поле, каб закапаць у зямлі ляльку з жыта, грошы ды кавалкі тканіны. Супраць няшчасцяў ды на добры ўраджай.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары