Сакрэтныя вершы Генадзя Бураўкіна прагучалі ў авангардных кампазіцыях


Вершы класікаў традыцыйна кладуцца на мілагучную, спеўную музыку. Аднак учора у менскім клубе «Лофт» усё было ўпершыню: невядомыя творы паэта Генадзя Бураўкіна загучалі пад адрывісты фанк-джаз. Увасобіць класічную паэзію ў авангарднай музыцы ўзяўся музыка Пётр Клюеў са сваім бэндам.

Знаёмства і пачатак сяброўства Пятра Клюева з Генадзем Бураўкіным адбыліся год таму. Пасля спадар Генадзь прапанаваў амбітнаму музыку напісаць песні на невядомыя свае вершы. Большасць з іх ніколі не публікаваліся, хаваліся ў стале нашага класіка.

{movie}Сакрэтныя вершы Генадзя Бураўкіна прагучалі ў авангардных кампазіцыях |right|16724{/movie}

Пётр Клюеў распавядае: «Генадзь Бураўкін з лёгкай рукі прапанаваў гэтыя тэксты, вельмі старыя – машынкаю набраныя, ды на жоўтых ад часу аркушах. Я паглядзеў на іх, мяне гэта так натхніла».

Клюеў захацеў зрабіць рэвалюцыйную праграму: «Гэта музыка іншага фармату, якая стаіць на высокім узроўні. Мяне лёс звёў з квартэтам «City Jazz». Гэта фантастычная, вельмі моцная, прафесійная каманда. Менавіта яны зрабілі аранжыроўку. Музыка мая, вершы – Генадзя Бураўкіна і некаторыя мае».

Клюеўгарадзенец, класічны піяніст, які выпрабаваў на сабе і эстраду, і рок, аб’ездзіў Еўропу, дзе атрымліваў адукацыю і даваў канцэрты, пасля чаго вярнуўся на радзіму. Новую праграму ён павязе па Беларусі, а потым у Швецыю, Эстонію, Літву і Польшчу.

Іншыя тэмы: У галерэі Акадэміі мастацтваў адчынілася выстава «Беларусы. 100 гадоў жыцця», на якой можна пабачыць змены ў нашым выглядзе, занятках і настроі за стагоддзе. Кераміст Валер Калтыгін правёў майстар-клас па лепцы ў Бабруйску. Гурт «Хурма» даў сольны канцэрт, паабяцаў увосень выдаць альбом і заспяваць на тэмы, якія будуць хваляваць не толькі дзяўчат.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў