Дзякуючы ЕЭС, Беларусь падзаробіць на зброі?


Пра нечаканыя плюсы і мінусы ўступлення нашай краіны ў Еўразійскі эканамічны саюз – «Гарачы каментар» з эканамістам Аляксандрам Сінкевічам.

Эксперт адзначае, што Беларусі ды Казахстану ўдалося выключыць з дамовы ўсе палітычныя моманты, якія прасоўвала Расея. Дамова, якая змясцілася на сямістах старонках, запрацуе ў 2015-м годзе. Эфекты ад новага аб’яднання, паводле яго, будуць бачныя прыкладна праз 5 гадоў.

{movie}Дзякуючы ЕЭС, Беларусь падзаробіць на зброі? |right|16723{/movie}

З аднаго боку, новая інтэграцыйная структура можа даць «кааператыўны эфект»: Беларусі з савецкіх часоў дасталася добрая зборачная пляцоўка, а ейныя суседзі па ЕЭС маюць рэсурсы. Аднак шмат тут і падводных камянёў. Галоўная праблема – розныя эканамічныя мадэлі хаўруснікаў: у Беларусі – савецкая, у Расеі і Казахстане – капіталістычная «з драпежніцкім алігархічным тварам». Суседзі, паводле Аляксандра Сінкевіча, будуць імкнуцца «адцадзіць» беларускія прыбытковыя актывы ў свой бок. «Мы можам згубіць усю прамысловасць Беларусі, якую цяпер маем», – папярэджвае адмысловец.

Плюсамі для Беларусі будуць энерганосьбіты па ўнутраных расейскіх коштах, «свабодны праход» да Кітаю і магчымасць умацаваць свае пазіцыі ў паўднёва-ўсходняй Азіі. Можна, мяркуе Аляксандр Сінкевіч, чакаць і пашырэння супрацы паміж новаю структураю ды Еўразвязам: «Такім чынам, можа атрымацца гэтак, што Беларусь цяпер ідзе на Усход, а апынецца, на Захад».

Далучыцца да Еўразійскага эканамічнага саюзу ўжо плануюць Арменія і Кыргызстан. А ўлічваючы будучы вывад амерыканскіх войскаў з Афганістану, можна прагназаваць, што еўразійскі рынак будзе паглынаць больш зброі. І беларускі ВПК можа на гэтым падзарабіць, замяніўшы месца, якое раней у гэтым працэсе магла б заняць Украіна, кажа эканаміст.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў