Як прагаласавала Украіна: Парашэнка набраў 54,7 % галасоў выбарнікаў


Мільярдэр Пётр Парашэнка стаў пятым прэзідэнтам Украіны, набраўшы 54,7 % галасоў выбарнікаў. Цэнтрвыбаркам скончыў падлік усіх электронных бюлетэняў.

Другі радок заняла экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка – у яе 12,81 % галасоў. На трэцім месцы – лідар Радыкальнай партыі Украіны Алег Ляшко, які атрымаў 8,32 % галасоў. Канчатковыя вынікі будуць падведзеныя да 4 чэрвеня на падставе арыгіналаў пратаколаў усіх 189 акруговых выбарчых камісіяў. У выбарах узялі ўдзел 18 мільёнаў украінцаў.

Урачыстасці з нагоды абрання новага прэзідэнта пройдуць на Майдане. Інагурацыя Парашэнкі адбудзецца 7 чэрвеня.

Выбарам новага кіраўніка Украіны не задаволены зрынуты экс-прэзідэнт краіны Віктар Януковіч. На ягоную думку, людзі чакалі ад Парашэнкі міру, а антытэрарыстычная аперацыя на Усходзе Украіны працягваецца: «Гэта вельмі дрэнны знак: пачаць шлях прэзідэнта з такога крывавага смяротнага феерверку, які выклікае гнеў і праклёны маці».

Да гэтага часу перамагчы ў першым туры ўдавалася толькі першаму прэзідэнту Украіны Леаніду Краўчуку – у 1991 годзе за яго прагаласавалі 61,6 % выбарнікаў.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары