Апазіцыя лічыць Еўразійскі саюз пагрозаю дабрабыту і незалежнасці Беларусі


Падпісанне Лукашэнкам ад імя Беларусі дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС) ставіць краіну ў яшчэ большую залежнасць ад Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве аргкамітэту дзеля стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

«Гэтае пагадненне не нясе эканамічнай выгады Беларусі, спрыяе стагнацыі беларускай эканомікі і супярэчыць патрабаванням нацыянальнай бяспекі дзяржавы… Улады яшчэ шчыльней прывязваюць Беларусь да Расеі, робячы яе дэ-факта прыдаткам новай Расейскай імперыі», – заявілі ў БХД.

На думку БХД, падпісаннем такіх дамоваў улады робяць «рэальныя крокі да страты суверэнітэту Беларусі і знішчэння незалежнасці беларускай дзяржавы».

«Удзел Рэспублікі Беларусь у гэтым чарговым інтэграцыйным утварэнні не адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам. Еўразійскі саюз можа нанесці шкоду народнай гаспадарцы Беларусі ды балюча ўдарыць па дабрабыце ўсіх нашых суайчыннікаў», – упэўнены лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

На думку палітыка, ад стварэння ЕАЭС «выйграе толькі расейская эканоміка, якая атрымала бесперашкодны доступ да беларускіх працоўных і гаспадарчых рэсурсаў». «Агрэсіўны расейскі алігархічны капітал, які з’яўляецца зброяй у руках сучаснага расейскага імперыялізму, можа разбурыць беларускі нацыянальны бізнес», – мяркуе старшыня Партыі БНФ.

Лідар Партыі БНФ прагназуе павелічэнне коштаў на спажывецкія тавары, дэфіцыт якасных і танных тавараў з краінаў, якія не ўдзельнічаюць у ЕАЭС.

Паводле Янукевіча, Еўразійскі саюз – гэта аб’яднанне недэмакратычных рэжымаў, таму ўдзел у ім Беларусі паслужыць сродкам кансервацыі ў нашай краіне аўтарытарнага ладу.

«Еўразійскі саюз – гэта стагнацыя і заняпад эканомікі, падзенне ўзроўню жыцця да стандартаў мінулага стагоддзя, якія існуюць у Сярэдняй Азіі, захоп працоўнага рынку мігрантамі з азіяцкіх краінаў, страта кантролю за найлепшымі прадпрыемствамі краіны, кансервацыя недэмакратычнага рэжыму і неэфектыўнай сістэмы адміністрацыйнага кіравання эканомікаю», – падсумаваў Янукевіч.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў