«Луганская народная рэспубліка» спадзяецца быць прызнанаю Беларуссю


Луганскія сепаратысты чакаюць прызнання сваёй незалежнасці ўрадамі Беларусі, Расеі, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі ды Казахстану, з якімі «стагоддзямі існавалі эканамічныя сувязі», заявіў кіраўнік ЛНР Валерый Болатаў.

Паводле яго, для «Луганскай рэспублікі» прызнанне незалежнасці сусветнай супольнасцю – адно з галоўных пытанняў. «Мы стварылі дарожную карту для стабілізацыі сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі ў рэспубліцы, банкаўскай сістэмы. Мы звярнуліся і чакаем адказу ад дзяржаўных інстытутаў РФ. Таксама спадзяемся на водгукі ад Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Беларусі ды Казахстану. З гэтымі дзяржавамі ў нас стагоддзямі існавалі эканамічныя сувязі», – сказаў лідар сепаратыстаў.

Ён падкрэсліў, што кіраўніцтва ЛНР спадзяецца на палітычную перспектыву працы з вышэйпералічанымі дзяржавамі. Апрача таго, паведамляе ўкраінскае агенцтва «Остров», цяпер ідзе працэс стварэння Міністэрства замежных справаў ЛНР. Паводле Болатава, паслы МЗС самаабвешчанай рэспублікі будуць дэлегаваныя ўва ўсе дзяржавы, з якімі ўдасца наладзіць адносіны.

Нагадаем, у красавіку групы ўзброеных людзей, якія захапілі шэраг адміністрацыйных будынкаў у гарадах на ўсходзе Украіны, абвесці стварэнне «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі». 11 траўня на падкантрольнай тэрыторыі яны правялі рэферэндумы, на якіх, паводле звестак сепаратыстаў, большасць удзельнікаў выказалася за дзяржаўную самастойнасць рэспублік.

Незалежнасці ЛНР і ДНР не прызнае ніводная дзяржава. Афіцыйны Кіеў абвесціў іх тэрарыстычнымі арганізацыямі.

21 траўня ў інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу «Дождь» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з пункту гледжання права «рэферэндумы ў Данецкай і Луганскай вобласцях Украіны не маюць ніякага значэння». «Я не кажу, у якіх умовах праводзіўся рэферэндум… Любы рэферэндум мусіць праводзіцца на падставе канстытуцыі», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

МЯ, belsat.eu, паводле ostro.org, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары