Беларусь, Расея і Казахстан падпісалі дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу


Еўразійскі эканамічны саюз пачне функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года.

Кіраўнікі Расеі, Казахстану і Беларусі на сённяшнім паседжанні Найвышэйшага еўразійскага эканамічнага савету ў Астане падпісалі дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнай саюзу (ЕАЭС).

«Дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе накіраваная на развязанне задачаў павышэння дабрабыту і якасці жыцця грамадзянаў Казахстану, Расеі і Беларусі ды прадугледжвае свабоду руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, правядзенне скаардынаванай эканамічнай палітыкі. Перспектыўны інтэграцыйны эфект у выглядзе прыросту сукупнага ВУП да 2030 года ацэньваецца на суму каля $ 900 млрд долараў», – паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

{movie}Беларусь, Расея, Казахстан падпісалі дамову пра Еўразійскі эканамічны саюз |right|16711{/movie}

Дамова аб ЕАЭС складаецца з дзвюх частак: у першай, інстытуцыйнай, падаюцца асноўныя прынцыпы яго дзейнасці – супраца на ўзаемавыгаднай аснове для збліжэння эканомік «тройкі», для іх развіцця і ўмацавання канкурэнтаздольнасці.

Другая частка – функцыянальная, у ёй рэгламентуюцца механізмы эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама фіксуюцца канкрэтныя абавязкі ў галіновых кірунках інтэграцыі. Сярод іх – адзіная палітыка ў галіне транспарту і прамысловасці, каардынацыя сельскагаспадарчай палітыкі (у тым ліку ўніфікацыя патрабаванняў, звязаных з экспартам сельскагаспадарчых прадуктаў). Тут жа фармулююцца асноўныя прынцыпы ды правілы канкурэнтнай і антыманапольнай палітыкі. Вызначаюцца таксама крокі дзеля стварэнні агульнага фінансавага рынку і біржавой прасторы.

Асобным блокам замацаваныя этапы інтэграцыі энергетычных рынкаў і каардынацыі дзейнасці ў галіне электраэнергетыкі, газу, нафты і нафтапрадуктаў.

Як адзначыла прэс-служба Крамля, «падчас працы над дамоваю былі кардынальна скарочаны выключэнні ды бар’еры, якія перашкаджаюць свабоднаму перамяшчэнню тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы».

Напярэдадні падпісання дамовы Аляксандр Лукашэнка выкрыў Расею: Пуцін прапанаваў не той праект, на які разлічвала Беларусь.

«Мы ніколі не былі жлабамі, мы ніколі не патрабавалі ад сваіх партнёраў і суседзяў больш за тое, што аддавалі ў агульную скарбонку. У выніку дамова, якую мы можам падпісаць, ёсць нейкім кампрамісаў. На жаль, гэта не тая дамова, на якую разлічвала Беларусь, і не тая, пра якую першапачаткова заяўлялі нашыя партнёры, перадусім Расейская Федэрацыя», – сказаў кіраўнік Беларусі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў